epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прывалу няма

Перапынку няма —

Ці, крывавячы рукі,

Каб жыта засеяць,

У вартоўныя крушні

З палеткаў

Зграбаць камяні;

Ці ў абвалах бамбёжкі

З-пад чорнай зямлі

Даставаць

Скарчанелых,

У пякельнай пакуце

сяброў;

 

Ці ў тайзе

З прадсмяротным усхліпам

Нечакана знайсці

І людзям перадаць

Кімберлітавы след,—

Перапынку няма,

У бясконцым жыцці

Ні на хвілю нідзе

Перапынку няма!

 

Пакуль дыхаюць грудзі —

Хай цяжка,

Пакутна,

Аж вочы шклянеюць ад мукі,

Аж рэбры выкручвае боль,—

Толькі праца,

Няспынная праца,

Бясконцая барацьба,—

Усё гэта — жыццё,

А ў жыцці —

перапынку няма,

Перапынку няма!

 

Толькі смерць,

Толькі, можа, яна —

Толькі, можа, яна

Назаўсёды і здольна спыніць

Перамогі, памылкі,

І цяжар, і мары,

Захапленні і ўцехі,

І мукі, і кроў...

Толькі смерць...

А інакш —

перапынку няма!..

Аніколі ў жыцці

Перапынку няма!

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан