epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прывет Украіне

З беларускай зямлі,

як ад роднага сына,

Украіна, прывет мой прымі.

Люба нам тваю радасць вітаць, Украіна,

У шчаслівай савецкай сям’і.

 

Трыста год з таго слаўнага часу мінула,

З той пары векапомнай, калі

Ты з Расіяй па-роднаму строй свой самкнула

На любімай для сэрца зямлі.

 

Трыста год... Але гэта — не простыя годы.

Бо ад першых жыццёвых крыніц

Аб’яднаны мы любасцю з рускім народам,

З ім да светлых ішлі зараніц.

 

Трох народаў сышліся шляхі векавыя

 

У адзін, што да шчасця прывёў.

Гадавала, як шчырая маці, Расія

Беларусі, Ўкраіны сыноў.

 

Гадавала і кожнаму ясную долю

На шляхах вызвалення дала,

Акрыліла і ў бітвах за годнасць і волю

Да сусветных вышынь узняла.

 

Хай жа мужная дружба народаў мацнее,

З ёй наперад не страшна ісці.

Сцяг любімае партыі нам палымнее,

Асвятляе дарогі ў жыцці.

 

Дзелім радасць сягоння з усёю краінай

Мы ў шчаслівай савецкай сям’і.

З беларускай зямлі, як ад роднага сына,

Украіна, прывет мой прымі!

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан