epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пушчанская памяць (Паэма)

Часу, сябры,

Прамінула не многа.

Слухаў я гоманы

Лесу старога.

Гоман ці дума —

А шчырая мова —

Пра непрабудны

Схоў-засень яловы.

Пра непраходны

Той закут ласіны,

Дзе паміж купін

Паўзуць журавіны.

Дзе — як ні ступіш —

Заходзіцца багна,—

Пільна глядзі,

Бо засмоктвае прагна!..

 

Гоманы слухаў

Пра сонца палянак,—

Колькі сустрэнеш

Там ягад духмяных!

Ягад-суніц,

І чарніц, і ажыны,

Церпкіх брусніц,

Буякоў і каліны!..

Колькі грыбоў —

Без канца, незлічона —

Па дубняках,

Між бяроз, між сасонак

А тых крыніцаў

Пад засенню волкай —

З чыстай вадзіцай,

Люстранай і колкай!

А яшчэ —

Птахаў

Запеўнасці палкай!..

 

Гоманы лесу

Запомніў я змалку...

 

Чуў я ў тых гоманах

Часу дыханне,

Казку і песню,

Наказ і паданне,

І запавет,

І легенду жывую...

 

Сёння адну з іх

Вам сэрцам нясу я.

 

Быль і легенду

На сонечных крыллях...

Чуйце ж, сябры мае,

Слухайце пільна!

 

*

Жыў пад аховай

Адвечнае пушчы

Слынны каваль

Па празванню — Сілюшчы.

Мусіць, таму

Меў празванне такое,

Што нават восі

Адной гнуў рукою.

Молат цяжэнны

Ўскідаў, як пярынку.

Трушчыў жалеза,

Бы хлеба скарынку.

Што ні прасілі —

Рабіў без адмовы:

Востры нарог

І баронаў асновы,

Звонкі сярпок

І сталёвую шыну,

Нават дэталь

Мог зрабіць для машыны,

Нават — казалі —

Са срэбра каралі

Рукі яго

Для нявест

выраблялі!..

 

Жыў гэты майстра,

І слынны, і чынны,

Не адзінокі:

Меў добрага сына...

Хоць і нямнога

Было йшчэ гадочкаў

Сыну яго,

Васілю-Васілёчку,—

Толькі што

дзесяць

Праглянула сціпла...

Але памочнікам

Быў ён дасціпным...

Мог быць да месца

Ля шумнага горна;

Прэнт на кувадле

Трымаў бездакорна,

Калі татуля

Прыстукваў накоўку...

Мог ужо й сам

Штось скаваць:

Ці падкоўку,

Ці вухналя,

Ці шавецкае шыла...

Словам —

Хаця і не надта

Меў сілы,—

Але на ўцеху

Быў бацьку багаты:

Кузню глядзеў

І даглядваў і хату,

І ў агародзе

Любіў паўвіхацца,—

Любай заўсёды

Была яму

праца...

З часу,

як маці памерла,

А гэта

Сталася гора

Йшчэ ў сёмае лета

Ад нараджэння яго,

Васількова,—

З часу таго

Ў хаце ціхай лясовай

Часта, абняўшы,

Казаў яму тата:

«Сынку,

Табою

Святлее мне хата!

Будзем мы, сынку,

Заўсёды з табою —

Сэрцам адным

І душою адною!..»

Слухаў ён тату,

Трымцеў ад пяшчоты,

І хоць

Часамі

І плакаў употай,

Маці згадаўшы,—

Ды шчыра, аддана

Татку любіў;

Быў заўсёды

жаданым

Сябрам яму

І зычлівым дарадцам;

Так памагаў,

Каб менш татку

стамляцца,

Каб весялейшай

Была яму хата...

 

Гэтак

Удвох

І жылі яны з татам...

 

Гэтак і стрэлі

Ліхую навалу —

Буру вайны,

Што над краем

паўстала...

 

*

Край дарагі наш,

Адважны і горды,

Знішчыць

Ірваліся

Ворагаў орды,—

Горш, чым агнёвыя

Лютыя хмары,

Гора ўсім несці,

Пакуты, пажары...

 

Ды не скарыліся

Сэрцы людскія —

З мужнасцю ўсталі

Ў страі баявыя...

Грозна, сурова

Змаганне ўзнялося...

І ў тым змаганні —

Ўсім месца знайшлося...

Хутка і ў кузні

Занятак быў новы:

Стала майстэрняй

Лясной адмысловай,

Дзе гаспадарылі

Помсты героі —

Неслі сюды

Партызанскую зброю,

Каб аднавіць,

Даць ёй новы мацунак...

Тут жа і новы

Кавалі рыштунак,

Тут і найхітрыя

Міны рабілі,

Каб

Як найзлей яны

Ворагаў білі...

О, як стараўся

Васіль-Васілёчак! —

І вартавым

Быў і ўдзень ён і ўночы,

І веставым,

І разведчыкам пільным...

З кузні —

Ў глыб пушчы,

Да старае пільні

Бегаў не раз

З тэрміновай навінай...

Ці на сяле,

Улучыўшы хвіліну,

Танкі фашыстаў падлічваў,

Гарматы,

Каб пераможна

Даў бой ім заўзяты

Мужны атрад партызанскі

З засады...

А ці ў кузні,

Пястуючы радасць,

Што вось і ён

З партызанамі, з татам

Ворагам лютым

Рыхтуе адплату,—

Дні шчыраваў

Каля горна, ля печы,

Робячы справы

З імпэтам хлапечым...

 

*

А яшчэ быў

У кавальскага сына

Даўні занятак:

Цяжкою часінай,

Як замятае

Бары і дубровы

Гурбамі снегу,—

Пад сховай хваёвай

Шчыра склікаць,

Як да роднае хаты,

Кволых казуляў,

Дзікоў, ласянятаў...

Ды іх карміць,

Даглядаць іх ад сэрца:

Сена прынесці,

Вадзіцы вядзерца,

Бульбы падсыпаць

Ці моркаўкі ў ночвы...

Здаўна —

Не толькі што

ў цёмныя ночы,

А ўжо і днём

Сюды звыклі

без страху

Зверы ісці,—

Да знаёмага даху...

Ў дні, як шчэ

Маці жыла

Васількова,—

Зверы паверылі

Ў добрыя словы,

Ў добрыя позіркі,

Добрыя рукі

І самахоць,

Без ніякай прынукі

Дружна ішлі сюды —

Падсілкавацца,

Цёплай,сяброўскай

Спагады набрацца...

Так і цяпер вось,

Парой гэтай грознай,

Ці на світанні,

Ці вечарам позна,

Выйдзе Васіль,

Свісне ў пушчу

Ціхутка,—

І перад ім

Так і вырастуць

Хутка,

Бы з-пад зямлі,

Ці ласіха з сям’ёю,

Ці, заварожаныя

Цішынёю,

Шэрыя козачкі

Ўстануць, як цені,

Ці часам

Чуйна

Вандроўцы-алені

Вынесуць з пушчы

Рагоў калыханне,

Або дзікоў

Цэлы статак загляне,—

Ўсе тут, як дома,

Пазбыўшы апаску,

Шчыра прымаюць

Сяброўскую ласку.

Нават і зайчыкі

Ў куртачках белых,

Хоць і сцярожка,

Хаця і нясмела,

Але — пасядуць

Ля морквы з капустай, —

Прагна ласуюцца

З хрупатам, з хрустам...

— Ешце, каштуйце,—

Ўсім кажа з пяшчотай

Вася-Васілька...

Паддаць ім ахвоту

Не праміне ён...

— Каштуйце

Ды будзьце

Пільнымі ўсюды,

Лясныя вы людцы...

Чуеце? —

Гром

Пасылаюць гарматы?..—

Паліць чужынец

Сялянскія хаты,

Нішчыць жыццё,

Не шкадуе нічога...

Можа, і ў пушчу

Прасочыць дарогу...

Дык жа пільнуйцеся

Стрэць нечаканасць... —

Так ён ім кажа,

А зверы аддана

Слухаюць,

Быццам вядома ім гора...

Бы разумеюць,

Пра што ён гаворыць...

Топчуцца побач

Ды хрумстаюць ціха...

Нават часамі

Падыдзе ласіха,

Пысаю тыцне

Ў плячо Васількова,

Быццам штось скажа

Ласінаю мовай,

Быццам свайму

Штось параіць

Дзіцяці,

Як найласкавая,

Добрая маці...

— От жа дзе здружанасць...

От жа шчасліўцы...—

Скажуць ад сэрца

Народныя мсціўцы,

Як давядзецца

Ім часам пабачыць

Сцэну такую...

Бы родных, няйначай,

І Васілька,

І ўсіх госцяў ягоных

Бралі яны

Пад сваю абарону...

 

*

Колькі дзён цяжкіх

Мінула ў змаганні...

Рэйды начныя,

Ў атаках світанні.

Дні агнявыя,

Часіны адплаты.

Колькі ў баях

Былі

Пушчы салдаты!

Колькі ўзбраенняў

Прайшло партызанскіх

Праз

Рукі майстравы

Ў кузні пушчанскай,

Колькі чужынцаў

Скарала краіна...

І ў барацьбе той

І бацька быў з сынам!..

Горан у кузні

Гарэў несціхана,

Шчыра каваль

Сустракаў партызанаў;

Бацька і сын

Не цураліся змогі,

Сіл не шкадуючы

Для перамогі,—

Дні свае значылі

Працай суровай...

Пад непадступнаю

Пушчы аховай!..

Ды не мінула

Ўсё ж

Доля ліхая

Кузні пушчанскай...

Адкрыла ўсё ж

Зграя

Карнікаў хіжых

Да кузні сцяжыну...

Хто іх правёў

Па глухіх баравінах?

Па непрабудных

Ласіных балотах?

Праз

Неагляднае

Мора чаротаў?

Па хмызняках,

Цераз

Багнаў гайданне?..

Хто падказаў ім

Той час на світанні,

Калі —

Пасля

Працавітае ночкі —

Толькі каваль быў

Адзін

З Васілёчкам

Дома?!.

Хто сцежкай нападу

Вёў тут фашыстаў? —

Ці чорная здрада,

Ці люты выпадак? —

Ды толькі —

ой рана

Рушылі з кузні

Байцы-партызаны...

Бою рыштунак,

Зарады, гранаты,

Розную зброю

Лясное адплаты

Ў пушчу панеслі...

У золак-світанак...

 

Вораг

З'явіўся

Зусім нечакана...

Люта ашчэрыўся

З першай хвіліны...

Шквалам па кузні

Ударылі міны...

Чэргамі ўспорвалі

Лес

Аўтаматы...

Білі па вокнах

Кавальскае хаты,

Білі па даху,

Па ціхіх паветках,

Нават — па студні,

Па травах і кветках;

Нават курэў

Пыл ад куль

Па пясочку...

 

— Сынку...—

Абняўся каваль з Васілёчкам.—

Сынку!

Ты ж ведаеш

Лесу сцяжынкі,

Будзь жа, як птушка,

Не траць ні хвілінкі!

Лётам ляці

На пушчанскія ляды,

Хай падымаюцца

Мсціўцаў атрады,

Хай акружаюць

Варожую зграю...

Хуценька, сынку!..

А я іх стрымаю...

Я не пушчу іх...

Пакуль хопіць сілы...

— Татка!

Я буду з табой!

Татка мілы!

Я не пакіну цябе

Без падмогі!..—

З плачам казаў Васілёк...

Ад трывогі

Ён ледзь трываў

Ды хінуўся да таткі...

— Сынку! Ляці

Як хутчэй, без аглядкі!

Слухай загад!..

І —

Хаця й неахвотна,—

Кінуўся хлопчык

Па сховах чаротных...

Кінуўся, быццам

На крыллях імклівых...

Бег па нізінах

Ажынных;

Па грывах

Над раўчукамі;

Па сцежках палянных,

Што пратапталі

Праз лес партызаны,—

Слухаў, як б’е

Кулямёт басавіта —

Таткаў!..—

І бег!..

Бег, тугой апавіты,

Але з надзеяй,

Што пушчы салдаты

Хутка

Супыняць тут карнікаў-катаў,

Будзе чужынцам

Апошні рахунак!..—

Татку ягонаму

Прыйдзе ратунак...

 

*

Грозна

Да кузні

Прарваліся з боем

Помсты байцы...

 

Партызанская зброя

Смелым,

Раптоўным,

Нястрымным ударам

Бурна

Развеяла

Карнікаў хмары...

Густа ля кузні

Палеглі чужынцы...

І паміж дрэў,

І на кожнай сцяжынцы —

Помсты агонь

Папяліў іх без жалю...

Дзе ні паглянеш —

Іх каскі ляжалі...

 

Толькі...

 

Не стала

Ў баі тым суровым

І Васілька...

 

О шум-гоман

Хваёвы!

О колькі жалю

Нясеш ты

Для сэрца!..

 

Не, ён не думаў

Аб страху, аб смерці,

Наш Васілёк...

Найадважны наш хлопчык

Калі

Пад кулямі

Ў дымны акопчык,

Дзе свайго любага

Татку пакінуў,

Бег напрасткі...

Ці ж ён знаў,

Што загінуць —

Гэта так проста?..

Адной толькі марай

Жыў Васілёк:

Каб чужынцы-пачвары

Спрахнулі,

Зніклі

Усе без астатку...

Татку!

Жывога!

Хутчэй!

Свайго

Татку

Бег ён пабачыць!..

Ды —

Ніж пад касою,

Ніцма

Упаў

І заліўся крывёю...

 

*

Бойкі лясной

Адгуло адгалоссе.

Стоенасць глуха

Ступала між сосен...

Глуха маўчаў

І акопчык пясчаны,

Калі знайшлі

Каваля партызаны...

Быццам абняты

Бясконцай самотай,

Моўчкі ляжаў ён

Каля кулямёта,

Зранены ўвесь...

Ледзьве дыхаў,

Нябога,

Не пазнаваў

Ля сябе

Анікога,

Здэцца, блукаў дзесь

Адзін адзінока,

Быў —

Ад сяброў —

У вандроўцы далёка...

 

Вейкі

Узняць

І тады не меў сілы,

Калі салют

Прагучаў над магілай,

Дзе

Разам з іншымі

Раніцай тою

І Васілька

Пахавалі героем...

Толькі пасля,

Поўны смутку і жалю,

Як зноў вярнуўся

Сюды са шпіталю,—

Па-над лясною

Магілай зялёнай

Часта і горка

Стаяў задумёны...

Ды ў летуценні

Бацькоўскім сірочым

Бачыў

Жывыя

Васількавы вочы...

Ды не знаходзіў

Сабе апраўдання,

Што не ўбярог

Васілька

Ў тое ранне...

 

*

Водгуллем гулкім,

Салютам ваяцкім

Дзень прагучаў

Над магілаю брацкай...

Рэха згайдалі

Хмызы і паляны.

Зноў у глыб пушчы

Пайшлі партызаны.

Стомлена йшлі

Па пушчанскіх дарогах.

Неслі з сабой

Каваля ледзь жывога...

На папялішчы

Кавальскае хаты

Вецер прабег

Неспакойны, заўзяты,

Попел узняў,

Гіцнуў, нібы стаенны,

Порстка абдзьмуў

Кузні чорныя сцены,

Ды і заціх...

І аблеглася ціша...

І вось тады

З пушчы лось

Сюды выйшаў...

Выйшаў адзін,

Асцярожны, задумны,

Доўга маўчаў,

Бы чакаў чагось

Сумна.

Потым нырнуў

У гушчар

Вербаў ніцых,—

Быццам

Збаяўся чагосьці

Ці быццам

Нешта згадаў...

Але нават хвіліны

Там не пабыў,—

З цэлым гуртам ласіным

Па-над магільным

З’явіўся грудочкам...

О, кліч душы

Васіля-Васілёчка,

О, стук хлапечага

Добрага сэрца! —

Пэўна,

Іх чулі

Й пасля яго смерці

Гэтыя,

Мусіць,

Найшчырыя самыя

Роднай зямлі

Жыхары паміж намі...

З ціхай жальбой,

Бы аплаквалі брата,

Моўчкі стаялі

Ласі, ласяняты

Па-над магілай...

Хоць не гаманілі,

А было бачна:

Пяшчоту дарылі

Светлым абшарам,

Барам і дубровам, —

А праз іх —

Светлай

Душы Васільковай...

Потым

Узняў галаву

Лось цыбаты,

Штосьці сказаў,—

І пад хвойныя шаты

Ціха падаўся,

Ступаючы чынна...

А за ім

Гурт

Увесь рушыў ласіны;

І, мусіць, горача

Сумную вестку

Неслі трывожнаму,

Чуйнаму лесу,

Бо праз хвіль колькі —

Пад голас салоўкі —

Выйшлі з гушча*ру

Касулі-сяброўкі,

А хутка

Побач

Аленіха ўстала,

І не адна тут

Зязюля кувала,

Сумным куваннем

Лес будзячы родны;

Потым

Дрозд пеўчы

Азваўся журботна...

Так над магілай,

Над жоўтым пясочкам

Лес

Памінаў

Васіля-Васілёчка,

Подзвіг яго

Памінаў

Партызанскі,

Кланяўся шчыра

За клопат пушчанскі...

 

*

Да*ўна было...

Ды хоць да*ўна мінула,—

Але й сягоння —

Пяшчотна і чула

Над той магілай

Схіляюцца людзі...

А на світанках —

Не проста заблудзяць,

А з ціхай думай,

З журбой-летуценнем

Над тым грудком

Часта ўстануць алені,

Часам зубры

Сюды збочаць з дарогі

Ці волат-лось

Узнясе свае рогі...

 

Часта сядзіць тут

Дзядок састарэлы...

Думае думу,

Увесь белы-белы...

Бацька Васількі,

Герой былы пушчы...

Слынны каваль

Па празванню Сілюшчы...

Сядзе, сядзіць

Пад куванне зязюлі...

Ціха гамоніць

З ласём ці казуляй...

Ці зайчаню

Прынясе пачастунак:

«Еш, зайчанятка,

Прымі мой ласунак...»

 

Часта і я

Тут стаю пад дубамі,

Слухаю пушчу

З яе галасамі.

Ці раніцой,

Ці вячэрняй парою

Гоманы лесу

Прымаю душою.

Гоманы лесу,

Што змалку знаёмы.

Гоманы звонныя...

Гоманы-бомы...

Гоманы роздумаў...

Скрухі расстання...

Памяць вялікага

У краі змагання...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан