epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Рабочая сям’я

Салдатам Рэвалюцыі

Ён двойчы

Бываў у Піцеры,

Суровым ад нягод.

Сам хлебароб,

З дружынамі рабочых

Бярог, як свой,

Пуцілаўскі завод.

 

І з той пары,

Хоць і вярнуўся потым {вярпуўся гіотым

На Шклоўшчыну сваю —

Зноў да зямлі,—

Пуцілаўцам лічыў сябе

І ўпотай

Жадаў, каб дзеці

Ў горадзе жылі.

 

— Вось толькі вырастуць...

Так бацька марыў.

Палоску бедную

За працай кляў не раз.

І, як пуцілавец,

Вясковы пралетарый

Адчуў свой шлях:

Змагаўся за калгас.

 

На новай ніве

Дзеці падрасталі.

Яшчэ яны

За партамі былі,—

Па волі партыі

На палявыя далі

Да іх машыны

З горада ішлі.

 

Па волі партыі

Жыццё змяніла вырыс.

Саха бядняцкая

Пайшла ў нябыт, на злом.

Вось дзеці бедняка:

Адзін стаў брыгадзірам,

Другі — механік,

Трэці — аграном.

 

Чацвёрты ў полі

Трактарам кіруе,

Дачка — на жнейцы,

Ўвішная жняя.

І гонар бацьку

За сям’ю такую:

— Сям’я мая —

Рабочая сям’я!

 

І сапраўды,

Што скажаш ты на гэта?

Хоць цэх у полі ў іх,

У полі ў іх завод,

Хоць думаюць

Пра жытні свой палетак,—

Ці не рабочы

Ўсе яны народ?

 

Сынам палёў,

Стаханаўцам калгасаў,

Ім выпала

Любоў аддаць жыццю

Ў адной сям’і

З рабочым родным класам —

Братамі

Па майстэрству й пачуццю.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан