epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Рахунак

Чую часта:

За лясамі, за горамі

Зноў выхваляецца недабітая погань —

Зноў пагражае прынесці гора мне,

Кінуўшы бомбу да майго парога.

 

Чую:

Падбівае боты падковамі,

Знятымі з атопкаў герынгаў і гесаў,

Зграя не новая, не выпадковая,

А ўсё тая ж,—

што паліла і вешала.

 

Слухайце вы,

недабіткі пыхлівыя,

Вось мой рахунак,

Бязмерная крыўды цана:

Тысячы добрых сяброў маіх

выйшлі б на нівы,

Калі б не вы і не ваша вайна.

Тысячы песень і шчырых вітанняў

Хадзілі б са мной.

Тысячы шчодрых натхненняў,

шчаслівых світанняў

Загублена лютай вайной.

Недзе ля Волгі, пад кручамі і прысадамі,

Ляжаць сімфоніі,

пасечаныя снарадамі;

Недзе ў Асвенціме

расстраляны сакрэты

Самай найхуткай, фатоннай ракеты,

Недзе ля Проні і ля сцен Ленінграда

Самая чалавечная

пахавана спагада...

Гэта мае сімфоніі,

Мае спадзяванні і крыллі,

Мае радасці —

І гэта вы іх забілі.

Чуеце вы,

Ліхадзеі і каты лютыя,

Я не забыўся нічога,

Не дарую вашай віны.

Ад імя ўсіх мёртвых,

Ад імя ўсіх знаўшых пакуты,

Ад імя жывых —

Я стаю па-над вамі

з грозным рахункам вайны!

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан