epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Радасць

Слаўлю радасць сваю не апошнюю,

Што прыходзіць

Без гучнай параднасці.

Бачу свет —

І крывіначкай кожнаю

Рады свету

Звычайнаю радасцю.

 

Рады тым, што рака сёння ўспухла —

Хутка крыгі да волі рвануцца.

Рад таму, што зямля яшчэ круглая —

Можна ў край свой здалёку вярнуцца.

Рады тым, што над роднаю хатаю

Сінь-дымок грэе зоры вячэрнія.

Рад таму, што ў далонях шурпатых —

Да сяўбы

зноў аблашчаны зерні.

 

Рады тым, што хмурыначку гушкае

Небасхіл для палёў не навалай.

Рад таму, што і сёлета птушка

Зноў мой клён для гнязда ўпадабала.

 

Рады тым, што ў пачуццях — бясконцую

Чую прагу падзеі сардэчнай.

І што ўсё, што мне люба,— ад сонца,

І што ўсё, што мне люба,— навечна...

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан