epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Радыёстанцыя «Свабодная Грэцыя»

І калі адгрымела

Апошніх стрэлаў

Рэха над скаламі Віцы,

І на Грамасе

Ў ранах крывавых

Затуманіўся усход,—

Грэцыя —

Кожны сын і дачка яе

Адчулі, ледзь стухлі зарніцы,

Як анямелі сэрцы,

Як ацямнелі вочы,

Як ацяжэлі крыллі,

Быццам скаваў іх лёд.

Ці ты чуеш наш голас, герояў адвага?..

Партызанскія сцежкі адданы агню.

Кароль-фашыст

пад амерыканскім флагам

Бомбамі

Робіць

Мёртвую

Цішыню.

І дзявочыя сны — ў забароне,

і асуджаны — тупат каня.

Каралеўская цішыня...

Цішыня?

А хто гэта стогне ў даліне?

А чый гэта крык над морам —

Штоночы, штодня?

Ад Макранісаса да Салонік,

Па ўсёй краіне —

Вісельні.

Эшафоты.

Голад.

Хітосаў разня.

Цішыня?

А хто гэта ўзяў напрамак

На высокія долы,

На партызанскі шлях?

Цярністай дарогай

Ідуць юнакі на Грамас —

Ім свеціцца, свеціцца ўперадзе

з чырвані сцяг.

Ціха... Што вы ім скажаце, горы?

На ясныя ўзняцца вяршыні ці давядзецца ім?

Слухае люд.

І раптам:

— Гаворыць

Радыёстанцыя «Свабодная Грэцыя»!

— Юнакі, ўставайце ад мора да мора! —

Гаворыць

Свабодная Грэцыя.

— Не плачце, маткі, у цяжкім горы! —

Гаворыць

Свабодная Грэцыя.

— Гартуйце, вязні, дух непакоры! —

Гаворыць

Свабодная Грэцыя.

— Народ! Ты вернеш і сонца і зоры! —

Гаворыць

Свабодная Грэцыя!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан