epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Радзіма

Лепей за ўсё мне на свеце мясціна

Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.

Бэз пад акном і на полі каліна...

Ціхае сонца, блакіты нябёс...

 

Можа, другому не скажа нічога

Сціплая смолка на ўзлессі ў траве,

Мне ж у ёй радасць гучыць і трывога,

З ёю маё захапленне жыве.

 

Любы мне бору сасновага звоны,

Пошум прысадаў, што ўзбеглі на шлях.

Там, дзе бязмежна пралеглі загоны,

Сэрца ўбірае прыволле ў палях.

 

Выйдзеш за вёску — жытнёвыя хвалі

Коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж...

Клічуць дарогі ў бясконцыя далі...

Самы ты вольны, край бацькаўскі наш!

 

Колькі мне маці тут песень спявала,

Колькі радзілася ў сэрцы тут мар,

Колькі мне ласкі жыццё аддавала,

Позіркам шчасця тут гледзячы ў твар.

 

Тут я быць верным і чулым вучыўся,

Сілу здабыў тут, якой не зламіць.

І сваёй роднай зямлі, дзе радзіўся,

Мне аніколі нідзе не забыць.

 

Дзе ні жыву, ўспамінаю да рыскі

Ўсё, аб чым слова ў душы берагу,

Кожны куточак, знаёмы і блізкі,

Ўсюды са мной.

Не згадаць не магу

 

Рэчкі люстранай між лозаў і вязаў,

Што па лугах быстра воды нясе,

Поля, дзе смутак забудзеш адразу,

Сэрцам аддаўшыся светлай красе.

 

Матчыных слоў не забуду ніколі.

Дружбу шаную, што з вамі ствараў,

З вамі, сябрамі, якіх яшчэ ў школе

Роднымі сэрцу навечна абраў...

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан