epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Радзіма (Паэма)

Даўно Міхась блукаць любіў

Па сцежках

Родных пушчаў, ніў,

Што ў хлапчукоў — у звычаі;

Даўно ён марыў, нават сніў,

Каб татка

ў дар яму купіў

Стрэльбу паляўнічую.

 

Казаў ён:

— Татачка, таток,

Мне ўжо дванаццаты гадок,

Ужо я ўмею добра сам

Быць —

як ахоўнікам лясам:

Дуб пад святло перасадзіць,

За птушкай кволай пахадзіць,

Пакуль на крылле ўстане;

Крыніцы голас ажывіць

На сонечнай паляне;

Зімою ў хлюпу і пургу

Агонь раскласці сам магу,

Каб абагрэць нясмелую

Казулю згаладнелую;

Глухой імшарынай сырой

Умею

кожнаю парой

Прайсці па хісткіх кладачках...

Не бойся, татачка,—

нідзе

Не апынуся я ў бядзе...

Купі мне стрэльбу,

татачка!..

 

Якому бацьку не ў ганор

Мець гэтакага сына?..

І родны двор, і ніў прастор,

І лесу свет ялінны,—

Глядзець,

усёй душой

любіць —

Такі

да скону

здолее...

— Што ж,— мовіў бацька,—

так і быць...

Куплю ўжо... Дыхай воляю...

 

А быў татуля ў Міхася,

Як і радня амаль уся,—

Быў ён ляснік —

лясоў, дуброваў

Надзейны, дбайны вартаўнік.

З маленства

Родны край ахоўваць

І памагаць яму

Прывык.

Усё, чым вабіць

Край надсожны:

Гаі вясёлыя,

Бары,

І лес задумлівы стары,

І малады хмызняк

Абложны;

І дрэўца кожнае,

І краска,

І кожны птах,

І звераня,—

Нібы спрадвечная радня,

Пазналі леснікову ласку.

За ўсю прыроду

Меў турботу ён,

За ўсю з маленства

светлую,—

Заўжды, заўжды

Для сэрца родную

Зямельку запаветную!..

Ці ж дзіва,

Што кранула гэтак

Яго,

Рупліўца слыннага,—

Да краю роднага,

Да свету

Такая

Любасць сынава;

Ці ж дзіва,

Што бацькоўскім словам —

Так шчыра, так аддана

Вітаў ён

Мару Міхасёву,

Калі ўручаў

у дзень маёвы

Яму

Свой дар жаданы...

 

— Вось табе стрэльба,

сыне любы,

А стрэльба — адмысловая,—

Не прынясе нікому згубы,

Не будзе і суроваю;

Не будзе карнаю ніколі,

А ўсюды

з ёй ты, сыне,

Уславіш роднае прыволле,

Свой Сож —

У сховах сініх

Лясоў, азёраў, даляў мройных;

Свае сцяжынкі ўсюды:

На ўзлесках,

Пажыцях,

На поймах,

Дзе што ні дзень —

то цуды,

То явы светлыя нам дорыць

Жыццё —

без меж, без ліку,

І шчыра з намі так гуторыць

На мове мнагалікай;

Аддзячыць любасцю

Гукае

За вольны свет

Айчыне...

Бяры ж свой дар

І радасць краю

Шануй, прымножвай, сыне...

 

Узяў Міхась у рукі стрэльбу;

А стрэльба —

Дзіўная нейк вельмі:

Ані ствала ў ёй, ані мушкі,

Адно — ўсё грані чыстыя,

Ды вока

зыркае, бы ў птушкі,

Празрыстае, святлістае.

Зірнуў Міхась

праз тое вока —

І аж душа зайграла:

Усё, што ўсцяж, навідавоку,

Што блізка, побач

ці далёка,

Усё, усё паўстала

Прад ім:

Унь — сосны над ракою,

Унь — арабіны талакою

Сышліся,

Штось рашаюць згодна,

Купаюць голле ў сонцы...

А вунь блакіт

над даллю воднай:

Бы хтось у ім красёнцы

Там заснаваў —

рукой руплівай

Тчэ ўзор з хмурын над лугам;

А вунь

шырокім кругам

У небе плаваюць ляніва

Буслы;

А вунь казуля,

Каб і сябры нат не пачулі,

Крадзецца ціха між асінак

Да расцяробных азярынак...

Міхась

Напэўна знае —

дзе там

Яе што прывабляе:

Часнок салодзенькі

між кветак,

Макрыца лугавая;

Вадзіца колкая

з крынічкі

Пад ценем арабіны...

А вунь —

сінічкі-невялічкі,

Як неразлучныя сястрычкі,

Ля звонкай азярыны

Танцуюць дружна на пясочку

Свой весні танец стрункі...

 

Лясы надсожныя, лясочкі,

Лугі мурожныя, лужочкі,

Малюнкі ўсё, малюнкі...

 

Куды ні глянь —

Зямлі краса,

У згодных, чуйных галасах,

Наўсцяж шчыруе,

любая,—

І кліча сэрца Міхася —

Як мара гучнатрубная.

Куды ні кінь

Цікаўны зрок —

Усюды радасці куток,

Аб новых дзівах згадка...

І ззяе шчасцем Міхасёк

І кажа:

— Дзякуй, татка!..

 

Хоць не такую —

ўсю зіму —

У снах ён стрэльбу бачыў...

Даўно ўяўлялася яму

Усё зусім іначай:

У нетрах восеньскіх аблог

Чуў ён,

Як гучна трубіць рог —

Склікае паляўнічых:

«Ту-ту! Хутчэй!

Хутчэй сюды!

Вось тут, дзе дол крынічыць,

Са знакамі чыёйсь бяды

Пакінуў воўк свае сляды,

Бярыце ж стрэльбы, людзі,

Нясіце смерць прыблудзе!..»

І ён, Міхась,—

там, сярод іх,

Вясёлых, смелых і мажных,

Што выйшлі на аблаву;

Са стрэльбай новаю —

і ён

Святую робіць справу:

Нясе драпежнікам

заслон;

А ўсё,

Што тут жыве здавён,—

Ахоўвае

Ад згубы,

Каб рад быў

край наш любы...

Хоць

Гэтакі

Праз доўгі час

Малюнак бачыў ён не раз;

Хоць чуў душой:

І потым

Згадае мару...

Стрэлаў гром,

Як гук маланак

з неба стром,

Праз сэрца пройдзе —

Ўскалыхне

Усё,

Што сніў употай...

Ды шчыра

Ён у рукі ўзяў

Дар таткаў,—

Не, не шкадаваў,

Што мо адзін у старане

Мець будзе

стрэльбу-ФОТА...

Ужо ўяўляў ён,

Як ад ранку

Да вечаровай цішыні

На ўсіх сваіх

лясных дзялянках

У дні вандровак,

Лета дні,

Ён з фотастрэльбаю

бязгучнай

Заўсёды будзе неразлучны;

З жыццём дуброў,

Лугоў, залужжаў,

Рачулак, суцішаных сцяжын

Быў і дасюль ён сэрцам здружаны,

Бясконца раз

па іх кружыў;

Але цяпер!..

З якою ўцехай

Ён пойдзе ў далі таямніц,

У шлях,

Дзе мройна звоніць рэха

Над гулкай радугай крыніц,

Дзе прамяні

Ў мядзяных соснах,

Нібы жывыя дзеці дня,

Бягуць, вядуць

у свет дзівосны,

Дзе шэпча казкі цішыня;

Дзе кожны кут

Загадкі тоіць

І сэрцу соладка пяе

Пра штось такое дарагое,

Што поплеч з сонцам паўстае...

А шыр палёў!..

Бязмежжаў звонкіх

Палеткаў роднае старонкі!..

Дзе ад прадвесня

да зазімкаў,

Каб урадзіў зямелькі плён,

Шчыруе люд...

Якія здымкі

Пра час працоўны

Зробіць ён!..

Мо і не скрозь яшчэ

Спачатку

Дружыць удача будзе з ім,

Ды сэрца ўсё —

свайму занятку

Аддасць Міхась;

каб і другім

Карысным быць

жыццём сваім...—

Так думаў,

Стоячы прад таткам,

Міхась

З дарункам дарагім...

А ўжо была пара канікул,

Бясконца светлая пара.

Ужо дзятву

Нястрымна клікаў

Кліч сонца,

сцежак,

траў з двара...

Куды іх толькі не цягнула,

Сяброў цікаўных Міхася!

Зямля —

З яе лагодай чулай,

З яе дажджамі, громам, гулам,

Уся ў красе,

У росце ўся;

Уся ў жытах запалавелых,

У росах

З водбліскамі зор,

У харастве рамонкаў белых,

У стромых соснах на падбор;

Зямля,

Адкрытая для сэрцаў,

Што поўны радасці заўжды

Перад святлом з яе азерцаў,

Перад цвіценнем маладым,—

Зямля

Гукала іх, шчаслівых

Сяброў, вандроўцаў, непасед,

У свой праменны, зіхатлівы

З прыгодай,

З казкай,

Вабным дзівам

І працай,

дружнай, рупатлівай,—

Нястрымна

Ў свой

Гукала

Свет!..

І колькі выхадзіў за лета

Міхась

Дарожак і дарог

З сябрамі школьнымі,—

Пра гэта

Ён спамінаць

Бясконца б мог!

Дзе падымаў,

падсушваў жыта

Пасля залеваў і грымот;

Дзе ў кут

лясовы, неабжыты

Вадзіў

Экскурсію

Ў паход;

Дзе сустракаў,

Вітаў

Дажынкі —

Кружыў

Апошнія кругі

З камбайнам...

Дзе ў лугах

Сцяжынкі

Таптаў,

Стагуючы стагі...

А тыя сонечныя ранкі,

А тыя ўцехі вечароў

Ля звонкіх рэчак,

На палянках,

У коле песенным сяброў!

А дні турбот,

А дні клапот

На вырубах хваёвых,

Дзе з таткам,

Як і кожны год,

Аблашчвалі абновы

Зямлі,—

Жаданых сеянцаў узлёт,

Каб вырас

лес тут новы!..—

Усё, усё знайшло адбітак

На шчырых здымках Міхася,—

Нібы жывое ўсё,

Нібыта

Прайшла зямля

Праз сэрца ўся!..

І колькі ж радасці сардэчнай

Было ў дзяўчынак, хлапчукоў,

Калі дзе-небудзь

Па-над рэчкай,

Ці на ільнішчы,

Ля снапкоў,

Ці сярод бору

Ў светлых соснах,

Ці там, дзе ўсцяж

цячэ на ток

Рака зярнят;

Ці ў тых дзівосных

Кутках,

Дзе б’е крыніц выток;

Ці ў сонцы польным, рупатлівым,

Дзе прамянёў

аж звоніць вязь,—

Здымаў,

Няўрымслівых, шумлівых,

На фотастужку іх

Міхась...

І колькі палкага чакання

Было ў сяброў:

Калі ж настане

Той дзень,

Які званком вясёлым

Пакліча іх ізноў у клас!

І ўся даведаецца

Школа:

Вось дзе вадзіў іх

Летні час!

Вось як яны

Свой край любілі,

Бы скарб найлепшы,

Бераглі!..

І прад усімі

Пройдуць хвілі

Спатканняў

З працай на зямлі;

Спатканняў з песняй

Несціханай,

Што чулі

Ў радасцях людскіх...

 

І ўрэшце

Ён прыйшоў,

Жаданы

І слаўны верасень,

Да іх...

Настаў аднойчы

Звонкі вечар:

Сабраў дзятву

Ўрачысты збор.

На ўскраі бору

Ў гонар стрэчы

Ўзвіваўся весела

Касцёр.

Пасля

Пад спеў аб краі любым

Скіроўваў крок

Дзіцячы люд

Ў калгасны клуб.

Бо зналі:

Ў клубе

Чакаў усіх

Дзівосны цуд!..

А там

Паўстала прад вачыма

Усё,

Што ў сэрцах адбыло,—

Пад светлай назваю

— Радзіма —

У здымках

Лета іх жыло.

Гарэлі

Ў яркіх лямпах сцены

І скрозь —

З пакоя ды ў пакой —

Свяціўся ў здымках

Цуд натхненны,

Ўлюбёнай

Зроблены рукой...

— Глядзіце! —

Чуўся вокліч бурны.—

Вось наша школа!

— Вось наш сад!

— А вось наш Сож,

як бы зажураны...

— А гляньце,

Наш ідзе атрад!

 

— А от сюды,

Сябры, зірніце! —

То ж я

На трактары сяджу!..

— А вунь жаўронак

Ў спелым жыце

Шукае сховы

Ад дажджу!..

 

Ішлі, глядзелі,

З захапленнем

Успаміналі

Лета дні.

І нат у хвілі

Задумення

Тут не ставала

Цішыні.

 

Ды раптам —

Быццам хтось маланкай

Раскроіў

Плыннасць пачуцця...

Устаў хмызняк...

Гармата танка

Глядзела

Сумна

Ад трысця.

 

А побач —

Над магілай блізкай,—

Нібы яе ахоўваў сон,—

Слупок задумны

Абеліска

Стаяў

Пад засенню

Сасон.

 

Па-пад слупком

Лунала

Зорка,—

Нібы крыляла

Па-над ім...

 

І сціхлі ўсе...

Нясцерпна, горка

Дыхнуў

Вайны грымотны дым...

І ўспомнілі

Дзядоў расказы —

Герояў

Грознай барацьбы.

І ў сэрцы

Ўдарыла адразу

Шырокай

Хваляю журбы...

 

Але нядоўга

Сум жалобы

У юных сэрцах

Крэсліў след.

Бо крыкнуў нехта:

— Гляньце побач! —

І запраменіў

Зноў ім

Свет.

 

Ды так заззяў,

Так засвяціўся,

Што дых

Ад шчасця заняло!..

Вось раўчучок

Між соснаў віўся...

Вось Сож

Кідаў на луг

Святло...

 

А вось заранка,

Птаха ранку,

Карміла

З дзюбы

Птушанят...

А вось сям’ю дзікоў

Палянкай

Вядзе сякач,

Бы на парад...

 

А вунь пчала

З пылком салодкім

Шчыруе ў кветцы...

 

Матылі

Снуюць над сітнікам

Чародкай...

Грак

Важна ходзіць

Па раллі...

 

Працар-мураш

Дахаты едзе,—

Сцяжынку значыць

Праз мурог...

 

Як ён, Міхась,

Усё падгледзеў!..

Зямлі

Сакрэты

Вызнаць змог!..

 

Чым больш ішлі

Ад залы ў залу,

Тым багацей

І яскравей,

Тым даражэйшай

Паўставала

Зямля іх мараў і надзей...

 

Ішлі —

І кожны

Ў думках бачыў

Свой край —

Прасторы,

Берагі,

Шляхі,

Што радасцю пазначыў

Ім час маленства дарагі.

 

Дзе ўцехі, любасць,

Песні, квецень,

У Сонцы —

Вёскі, гарады...

Зямля,

Шчасліўшая на свеце,

Радзіма,

Любая заўжды!..

 

*

Даўно Міхась блукаць любіў

Па сцежках

Родных пушчаў, ніў,

Што ў хлапчукоў у звычаі...

Даўно ён марыў,

Нават сніў,

Каб татка ў дар яму купіў

Стрэльбу паляўнічую...

 

Гукалі хлопчыка не раз

Грымлівым рэхам у барах —

Засад, аблаваў водгуллі.

І неаднойчы

Сніўся сон,

Што стаў і самым трапным ён,

І самым стаў харобрым ён...

 

Ды толькі потым,—

Як займеў

Ад таткі дар зычлівы,—

Адчуў сябе

Шчаслівым...

 

Усёй душою зразумеў,

Што на зямлі

Без стрэльбаў жыць,

Жыццё з пяшчотнасцю любіць

Нікому свет не засціць,—

Найлепейшае

Шчасце!..

 

Нямала ў клубе пабывала

У Міхася сяброў, гасцей...

І без канца — падзяку, ухвалу

Ён чуў, шчаслівы, ад людзей...

Але ўсё ж

Самай найбагатай

Хвілінай радасці была,

Калі з’явіўся ў клубе

Тата...

За ім і маці падышла...

Нібы прымаючы экзамен

На любасць сына

Да зямлі,

Якую так любілі самі,—

Яны з задумаю

прайшлі

Па клубных залах...

Кожны здымак

Душой пакраталі нібы...

Як бы хацелі знаць:

Радзіму

Іх сын

Ці шчыра палюбіў?..

Ці так шануе,—

Як вучылі

Яго з калыскі,—

Край бацькоў?..

Што бачыць на*перш

Прад вачыма?..

Ці ўмее

Выбраць дружбакоў?..

Ці зразумеў,

Што найдарожай

Няма нічога

на зямлі,

Чым справы,

Што пяшчоту множаць,

Каб сэрцы

Шчаснымі былі?..

Ішлі,

І не маглі стрымацца —

Не хваляваць

Сваіх надзей...

І падышла да сына маці

І прыхінула да грудзей...

 

— Любі, сынок,— сказала гучна,

Заўсёды гэтак родны край...

Хай любасць

Будзе неразлучнай

З табою,—

Ў сэрцы захавай...

— Любіце, родныя, любіце,—

Лагодна мовіла да ўсіх,—

І васілёк ціхмяны ў жыце,

І росы ў травах лугавых.

Любіце ніў багацце, квецень,

Нябёсаў зорную ірдзень...

А больш, мацней за ўсё на свеце

Любіць

Вучыцеся людзей...

З людзьмі

Вам будзе спраў багата,

З людзьмі

І ўцеха ваша ўся...

 

Тут падышоў,

Стаў побач тата...

 

— Сынок...—

Сказаў да Міхася...—

Няхай і нас

Твой здымак прыме...

І мы

Хай будзем між другіх,

Як дзеці

Мацеры-Радзімы...

 

І непаўторным гэты міг

Стаў Міхасю...

 

Мо лепшы самы

Зрабіў у дзень той

Здымак ён...

Быў там —

І яркі стэнд відзён,

І гурт сяброў там быў таксама,

А буйным планам —

Тата з мамай

Глядзелі ў цёплым пачуцці...

Два чалавекі,

Два жыцці...

Радней якіх —

Няма нікога...

Святлей якіх —

Нідзе няма...

У іх, Міхась,

Твая дарога.

Радзіма ў іх

Жыве сама...

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан