epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Радзіма

Заўжды такая:

шырыня і далі,

З сінечай неба сонечнай без дна.

Заўжды ў легендах,

што вякі складалі,

Заўжды — як спеў юнацтва, як вясна.

 

Заўжды — што заклік:

пуцявінай роднай

Ляці па шчасце, крыўду адгані!..

А ёсць і гэткая:

трымціць пяшчотна

Уся ў маленькай, цёплай далані.

 

Кранецца воч, ціхутка песціць скроні,

Цяплом крывінкі ўспыхне ля шчакі.

Уся зямная ўцеха ў той далоні,

У ласцы

найдарожшай той рукі.

 

Жальбу знімае, гнеў раптоўна цішыць,

І боль у ёй спатоліцца спаўна...

Але няхай не думае хто іншы,

Што ў ласцы гэтай кволая яна.

 

Не! Праз вякі няма ані пачатку,

Ані канца вялікасці яе.

Хай толькі кіне час пра буру згадку —

Яна прад светам грознаю ўстае.

 

У самай светлай, у святой лагодзе

Сурова гоніць слабасць яна прэч.

І за народа праўду —

пры народзе

Ў тваю руку

ўкладзе адплаты меч...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан