epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ранак ідзе

Што гэта? Што гэта чутна далёка?

Быццам гамоніць, пяе?

Вецер, прачнуўшыся, кратае блёкат,

Гутарыць з вербай, прабуе ў асоках

Цымбалы свае.

 

Што гэта? Што гэта свеціцца ў змроку?

Меркне, не згасне ніяк?

Зорка шукае адцвіўшую зорку,

Дужыцца ўзняцца над Сожам шырокім

Зялёны маяк.

 

Дзе гэта? Дзе гэта песня зязюляй,

Чуеш — ку-ку ды ку-ку?

Сына ў калысцы галубіць матуля,

Дзеўчына з ночы па любым сумуе —

Адзін на вяку.

 

Шырыцца, шырыцца, плешча, бы хваля,

Гукаў нястройны мажор.

Унь умываюцца золакам далі,

Унь зараніцы пялёсткі апалі

На поле, на бор.

 

Што ж гэта, што — цераз пушчы, па нівах,

Шляхам, уброд па вадзе,

З яснай усмешкай, прыгожай надзіва,

Быццам крадзецца — а смела, імкліва?..

То ранак ідзе!

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан