epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Раніца на Свіцязі

Густыя вясновыя зоры

Імкліва, са звонам

Апалі ў таемныя сховы

бяздоннага Свіцязя.

І чайка,

Крылом секануўшы

Па хвалі зялёнай,

Гукнула сяброўкам і сёстрам:

— Прачніцеся!

 

Дубы векавыя,

Дасвеццем

Умытыя ў росах,

З паклонам суседкам-бярозам

Чубамі зашасталі.

А ў небе,

Як быццам парвалі

Прычальныя тросы,

Пабеглі, што поўны, пад ветрам

Хмурынкі купчастыя.

 

Здавалася, дзень ужо вырас:

Прачнуліся далі,

Прырода усё абудзіла

Да самага мала.

Але ў гэтым бурным патоку

Якоесьці хвалі

Яшчэ не хапала,

Зямля

Ўсё чагосьці чакала.

 

І вось на прачаўраных гонях,

Бязмежных, як неба,

Што выткала ўзоры на ўсходзе

ў агністыя ружы,

З’явіліся людзі.

І поле,

Што марыла вырасціць хлеб ім,

Ажно прыўзнялося

Прад гэтаю арміяй дужай.

 

Шумела вясёлая праца,

Каб стаць на разлогах

Пшаніцай высокай,

цяжкім вінаградам у гронцы...

І то быў сапраўдны пачатак

Шчаслівага дня веснавога;

І ў гэтую хвілю над краем

Устала

Гарачае сонца.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан