epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Раптам хмаркі..."

Раптам хмаркі,

Што роспачна беглі па небе

І пырскалі сумнымі

Кроплямі дажджу,

Палагоднелі і павесялелі,

Афарбаваліся золатам

Ранішніх прамянёў

І, быццам абкрыленыя,

Выраўняліся над галавою.

 

Белы сад

Адкінуў слёзную заслону імжы

І зазвінеў

Ружовымі струнамі цішыні;

А з узлесся вавёрка

Выбегла на дарогу

І зацокала радасна: «Я тут, я тут!..»

Нават дрозд.

Якога я ўжо даўно не бачыў,

З'явіўся,

Сеў на вяршыню яблыні

І заліўся дзівоснай ранішняй песняй...

 

Я азірнуўся здзіўлена:

Што сталася ў свеце?..

А гэта ты

Падышла нячутна

І спынілася побач...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан