epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Расхадзіўся апаўночы..."

Расхадзіўся апаўночы

Між хмурын вятрун-вятрыска,

Папасоўваў іх па небе

Ды ў адзін сабраў куток.

І гайдаецца над лесам,

Як зялёная калыска,

У вышынях васільковых

Цёплы месяца сярпок.

 

Колькі радасці іскрыстай,

Шчодрай светласці навокал,

Колькі шчасця прад табою

Ў гэтым свеце залатым!

А чаму так прагне сэрца

Апынуцца там, высока,

У зялёнай той калысцы —

У сярпочку цёплым тым?

 

Знаеш, лепш, чым тут, не будзе

Анідзе,—

нат не прысніцца...

Знаеш, лёс твой паяднаны

Толькі з роднаю зямлёй...

А чаму душа імкнецца

У нязнанасць таямніцы,

Усё ўвысь, удаль імкнецца,

Усё нешта трэба ёй?..


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан