epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Расцвітаюць і купалінкі..."

Расцвітаюць і купалінкі,—

І даўжэе дзень за днём.

Між купалінак —

праталінкі:

Мак з аранжавым агнём.

 

Кожны раз, расой абмытыя,

Ранкам сонца песціць іх,—

З прамяністаю малітваю

Перад працай рук тваіх.

 

Перад працай — перад мудраю

Тваёй верай на зямлі...

Вунь ужо чырванакудрыя

І півоні зацвілі...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан