epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Расінка

Апала расінка з туману

На першы лісточак кляновы

І стала пад сонцам уранак

Жывым самацветам вясновым.

 

Паўднёвыя, цёплыя ветры

Трубілі ў святочныя трубы,

З лістка дарагі самацвет той

Зляцеў на дзявочыя губы...

 

У думках пра шчасце — я знаю —

У той дзень ты мяне цалавала.

І тая расінка жывая,

Напэўна, мне ў сэрца запала.

 

Запала, як кропля малая,

А стала там вогненным морам,

Дзе сонца без спыну палае,

Дзе бура калыша прастору.

 

І, мусіць, таму так праз годы

Няма мне спакою, прыпыну,

Чакаю, гукаю заўсёды

Цябе, маю казку-дзяўчыну...

 

Калі ж ты раздзеліш пароўну,—

Са мною на сцежцы жыццёвай

І смутак, дзе радасці поўна,

І шчасце — з тугою вясновай?!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан