epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Раскладаюць крытычныя мэтры..."

Раскладаюць крытычныя мэтры

паэтаў па палічках:

Гэты вось — талент,

а гэты — геній.

А гэты...

Ну ці ж раўня ім?..—

Зусім, маўляў, невялічкі —

Толькі, бадай, для затычкі,

і размоў аб ім меней.

 

І, закалыханыя словаблудствам,

сняць сябе ў лаўрах геніі.

А таленты заахвочаныя

гарланяць на ўвесь прасцяг —

Ад абвешчанай ім славы

у няўрымслівым захапленні:

«Каму,— крычаць,— па іх смерці

перадасца паэзіі сцяг?..»

 

А сама паэзія...

Паэзія,

збянтэжаная да колік,

Ну, нічога не можа ўцяміць

у той пахвальбе:

Колькі да яе прыпісана геніяў!

А талентаў колькі,

А чаму ж ёй так самотна часам,

так не па сабе?

І чаму,—

не можа даўмецца,—

гэты вось, маўляў, невялічкі,

Молячыся на яе,

як на бога,

адзінага на вяку,

І штодня, і штоночы з ёю,—

не думае пра палічкі,

А, як дзіця,

з ёй радуецца

кожнаму звонкаму радку?..

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан