epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Раз’юшаны слон

Адзін гвалтоўнік-слон,—

хоць стаў ужо стары

І смерць прад ім з касой на падыходзе,—

Паўсюдна ўсімі

прагне верхаводзіць...

А каб яго баяліся лясныя жыхары,

Стараецца,

чым можа,

ім нашкодзіць...

Там — пастку некаму тайком падстроіць,

Там — пашу ў лесе спляжыць, там — сціха

У гразь растопча бераг вадапою,

А там,— не баючыся ні граха,

Ні сораму,—

З нянавісцю сляпою

Разыдзецца, ўсё нішча: ці страха,

Ці сцены для жылля — ўсё для яго труха...

Блакады, ультыматумы, дактрыны,

Эмбарга, санкцыі, пагрозны тон,—

Чым толькі ўсіх не запалохваў ён,

Зласлівы і разбойны гэты слон,

І заўсягды —

без дай якой прычыны...

Адна бяда ў слана:

хоць хто-ніхто

прад ім, як катам,

І хіліцца яшчэ ў спалоху вінавата,

Ды свет вялікі ўжо мацней яго.

Ідзе вялікі свет да светлага свайго

Лятунку,— не зважае ні на звады,

Ні на заявы з грозьбай, ні бравады

Гвалтоўныя,—

У будучыню свет ідзе, сваім жыццём жыве,

Таму так часта

слон

раз’юшана раве...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан