epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Размова з капітанамі

Капітаны, капітаны

З рачулачак сініх,

На якія акіяны

Вас жыццё закіне?

 

Дзе вам выпадзе пранесці

Флаг,

Высока ўзняты?

Чым вас буры стрэнуць

Дзесьці

Далёка ад хаты?

 

Капітаны, час настане

Для адвагі хвацкай.

Дык прыміце ж на расстанне

Вы наказ дружбацкі.

Пад любой зарой паходнай,

У любой краіне

Не забудзьце, хлопцы, родных

Рачулачак сініх.

 

Не забудзьце той прывабнай,

Той ласкавай хвалі,

На якой вы свой караблік

Першы раз пускалі.

 

І заўжды нясіце строга,

Каб не згасла сіла,

Тое слова, што ў дарогу

Маці падарыла,—

 

Слова ласкі да Айчыны,

Слова мовы любай,

Слова бацькаўскай сцяжыны

Слова славы трубнай.

 

Адплывае флот вясновы,

Доўга плыць ён будзе...

І ў адказ я чую словы:

— Помнім,

Не забудзем!..

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан