epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Размова з клёнам

— Што ж, я пайду,

Мой клён-браток,

Скінь мне на памяць

Свой лісток,

 

Ды не шкадуй,

Найлепшы скінь,—

Той, што ірвецца

Ў неба сінь...

 

— Што ты ідзеш,

То добра, брат,

Знай, не аглядвайся

Назад,

 

Ідзі смялей,

Стаў цвёрда крок...

Але нашто табе

Лісток,

 

Той, што ірвецца

Ў неба сінь?

Нашто ўсё просіш:

Скінь ды скінь?..

 

Няхай расце лісток,

Няхай

Шуміць, пяе

Пра вольны край,

 

Дзе ў сінь ірвецца

Не адзін...

А ты — ідзі сабе,

Ідзі...

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан