epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Развітанне з рэквізітам

У летнюю ноч,

у зорную ноч,

У ноч, калі смеху —

Столькі ж, як слёз,

І шчасця ў сэрцы —

як і тугі,—

Я кажу ў гэту ноч:

— Бывайце!

Бывайце,

І згіньце

І не нагадвайце пра сябе,

Згіньце

І не крывяньце мне сэрца,

Згіньце, вочы,

Якім так верыў заўжды

І ў якіх убачыў сягоння

Зялёны лёд!

Згіньце, рукі,

Што нікога не лашчылі,

Рукі без дружбы

І рукі без славы,

Што замахнуцца

Хацелі б

на свет,

Згіньце, думкі

З хлуснёю атрутнай,

Ліпучыя словы,

Дзе здрады туман,

І хліпкія справы

Пустыя, як порхаўка!

Бывай,

Адплывай

Назаўсёды ў нябыт,

Мінулага веку

Гнілы рэквізіт,—

У зорную ноч,

у летнюю ноч

Цябе я здаю

У незваротны транзіт!

Цягнік жыцця,

Не спыняйся, вязі,

Выкінь хутчэй

На сухія лясы

Усё, што ганьбіць

І засмучае,

Што думы калечыць

І сэрцы крывяніць,

Што прыніжае

І раздзяляе,

Што ў чалавеку

Чалавека гняце!..

Крычу. Паганяю

Цягнік гісторыі.

А ноч міргае вачамі зор,

Адважна падае ў ногі раса,

Хлюпоча рэчка,

Крычыць дзяркач,

Пахне жытамі,

І смолка дыхае.

Ах, як хораша жыць,

Як хочацца жыць,

Як прагне сэрца

Зорных начэй,

Колькі ў свеце

Ёсць хараства,

І колькі будзе —

Няма яму меж!

Толькі б навек

Адышоў у нябыт

Веку старога

Гнілы рэквізіт!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан