epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Рэанімацыя

Хутчэй, браток, адплюшчы вочы!

Бо гэткай явы

ты яшчэ не бачыў.

Павер, не бачыў і не сніў

Ды і не мог сасніць такой.

Вунь — бог,

Бялюткі бог,

А ля яго —

мо сто багінь, няйначай,

І ў кожнай — німб,

святочны німб над галавой.

 

Ах, я адплюшчыў, я адплюшчыў,

Ах, даруйце, вы даруйце мне, багіні!

Дрыжу ад сораму:

Прад вамі я ляжу, нібы ў раі Адам...

А бог падаў ім знак,

І вось яны —

Імёны чую: Лены, Ядзі, Лоры, Ніны,—

Багіні светлыя,

Нясуць сваіх мне душ бальзам.

 

І вось яны,—

Як чараўніцы ў найчароўнай дзеі,—

Шчыруюць нада мной,

Бы нейкае ім знана адкрыццё.

І ўжо я маю сілу папытаць:

«А што са мной, а дзе я?..»

І маю сілы, каб пачуць:

«Дзе аддаюць назад жыццё...»

 

Назад жыццё?

Дык, значыць, нездарма я

па-юнацку

Гатовы быў заўжды

Аддаць сябе за прыгажосць.

Ах, недарэмна, недарэмна

Ўмеў я верай загарацца,

Што ўлада

над жыццём і смерцю

Ў прыгажосці ёсць!

 

Дык, значыць,

недарэмна

Сэрцам верыў я, што ўсюды

І гінуць ёсць за што

І ёсць дзеля чаго

На свеце жыць.

Дык, значыць,

О багіні светлыя,

Вярнулі вы мне сонечнае цуда

Яшчэ далей для вас

Аддана паслужыць?!.

 

Багіні ўсё снуюць,

І ўсё ўсміхаюцца

багіні.

А бог —

Пабачыў тыя ўсмешкі

І хутчэй махнуў рукой.

І знікла прыгажосць,

І я адзін ляжу,

Нібы ў якой пустыні,

Маўляў,

Патрэбны не багіні вам,

Патрэбен

вам спакой...

 

Ах, бог,

Хаця б жа раз,

Хоць тут,

Ты гнеў змяніў на міласць.

Хаця б жа тут

Не помніў

пра грахі і пра пасты.

Хаця б жа раз

Ты зразумеў,

Што без красы, без прыгажосці мілай

Не можа быць жыцця,

Павер,

законнік ты святы!..

 

Ляжу і зіркаю вачыма

То на дзверы, то на шторы:

Ці ж хутка з’явяцца

Мае багіні

са смяшынкамі ў вачах.

І бачу —

ўзрадаваўся бог,

І бачу —

засвяціўся ясназоры,

І бачу —

выклікае да сябе

Дзяжурнага ўрача.

 

Смяецца бог...

Чаго, чаго смяецца так заўзята?..

Ды чую голас:

— Вось, калега... Каб тут часу не займаць

Вязіце яго

скоранька

Ў звычайную палату...

Ён марыць пра багінь...

Дык што яго

ў рэанімацыі трымаць?!.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан