epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Рэчаньку» пяюць амерыканцы

«Рэчаньку» пяюць амерыканцы,

Над Брадвеем — жаласць невымоўная.

— Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты няпоўная?

 

— А як жа мне поўнай быць,

З беражкамі роўнай плыць? —

«Рэчаньку» пяюць амерыканцы,

І тугі мне іхняй не забыць.

 

Бачацца ім Сож, Дняпро і Нёман,

Што калісь люлялі іх чаўны.

«Рэчанькай» вітанне ў край свой родны

Сэрцам шлюць з Амерыкі яны.

 

— Ой, рэчанька! — з прадзедамі праўнукі

Голасам журбы — як птушкі з выраю.

Па кутку жыцця — амерыканцы,

А па душах — беларусы шчырыя.

 

І пытаю я, мой край цудоўны,

З гордасцю сыноўняй і хвалой:

— А хто ж цябе назваў, рэчанька,

няпоўнай,

А хто ж цябе лічыў, рэчанька,

малой.

Калі ты і горы абмінула,

Калі цябе гора не сагнула,

Калі ў акіянах не згубілася

І перад навалай не схілілася,

Калі пакарыла ўсю бязмеж

І далей, чароўная, плывеш,

І далей люляеш любасць сэрцаў

Глыбінёй пачуццяў дарагіх...

 

«Рэчаньку» пяюць амерыканцы...

 

І да вас данёс я смутак іх...

 

Лістапад 1969—1970,

Нью-Йорк — Мінск


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан