epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Роднай партыі

Я згадаю паходы, суровыя ўспомню гады.

Хоць гарэла зямля, а нам сніліся ў кветках сады.

Каля Волгі і Дона грымелі агні кананад,

А мы верылі ў шчасце: устане з руін Сталінград!

 

Зноў і зноў маё сэрца сяброўская мужнасць кране.

Помніш словы, таварыш: «Камуністам лічыце мяне»?

Помніш, як перад боем, у грозную хвілю жыцця,

Вымаўляў іх баец, перамогі ўздымаючы сцяг,

Вымаўляў і ўставаў на апошні рашаючы бой,

І хоць падаў,

а бачыў бяссмерця святло над сабой?!

 

Маці родная партыя! Колькі шляхоў на зямлі,—

Па ніводнаму з іх без цябе мы прайсці не маглі!

І чым большы палаў у змаганні над краем пажар,

Чым цяжэйшы для сэрцаў быў крыўды і смутку цяжар,

Чым люцейшы быў вораг,—

тым болей у сэрцах сваіх

Адчувалі мы любасць да мудрых рашэнняў тваіх,

Тым бліжэй, тым радней ты нам, шчырая маці, была,

Тым нам болей патрэбна тваёй было веры-святла!

 

У суровых баях, як прысягу жыццю і вясне,

Вымаўлялі мы словы: «Камуністам лічыце мяне!»

— Камуністам лічыце! — і ў вогненны крочылі шлях.

І ўставалі ўсе людзі

пад родны, пад ленінскі сцяг!

 

Адгрымела вайна. Грозных бітваў знікаюць сляды.

Над краінаю мірнай цвітуць перамогі сады.

Каля Волгі і Дона дарог франтавых не пазнаць,

Каля Волгі і Дона шырокія моры шумяць,

І гучыць ужо слава аб новых героях тваіх,

Аб сынах тваіх, партыя, мужных, заўжды баявых!

 

Па вялікаму свету, на ўсю неаглядную шыр,

Дзе ідзе барацьба за свабоду, за шчасце і мір,

Дзе ўздымаецца голас:

«Не быць, не ўсчынацца вайне»,—

Словы праўды гучаць: «Камуністам лічыце мяне!»

 

— Камуністам лічыце! — і гэта для мужных усіх

Падымаецца сонца у ззянні сцягоў агнявых,

Гэта слава народаў, радасць і мір на вякі,

Гэта новых узлётаў і перамог маякі!

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан