epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Родная школа

У гэты дом, у ціхі мілы клас

Хацеў бы я зайсці яшчэ не раз.

 

Хацеў бы за настаўнікам услед

Зачаравана зноў глядзець у свет,

 

Ад сцен замшэлых, ад хацін сяла

Шукаць сваю дарогу да святла,

 

Ісці і верыць:

кожны новы крок —

Ёсць новы скарб мой, лепшы мой урок...

 

 

*

Матуля-школа. Слаўны, мілы кут.

Маленства я сваё згадаю тут.

 

Шуміць над ганкам медналісты клён.

Мой даўні дружа, добра помніць ён

 

І смех, і песні, і бялюткі сад,

І піянерскі сонечны парад,

 

Настаўнік мне там гальштук павязаў...

Даўно было... А ў вочы б’е сляза...

 

 

*

Бяжыць, як сцюжа, ў скронях сівізна...

Была па свеце звонкая вясна,

 

І сёння я забыцца не магу,

Нясу ўспамін пра радасць і тугу,—

 

Настаўнік мой, ты мой прарочыў лёс,

Я першы верш свой да цябе прынёс,

 

І ты сардэчна шчасця зычыў мне,

Вучыў быць сынам роднай старане.

 

 

*

У гэты дом, у ціхі мілы клас,

Напэўна, я зайду яшчэ не раз.

 

Шуміць тут сёння новая сям'я.

І школе роднай пакланюся я.

 

За ўсё, чым для мяне яна была,

За ўсё, што на жыццё з сабой дала,

 

За ўсё, што, праслаўляючы свой век,

Мне даў настаўнік — мудры чалавек.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан