epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Роўнасць

Белы хлопец бярэ чорную дзеўку,

Вядзе за магноліі ў парку «Сентрал».

Хіба не роўнасць?

О’кей!

І на распісаным дрэўку

Ускінецца сцяг паласаты.

І грымне харал.

 

А зусім побач —

на вуліцы Сто дваццатай,

У Гарлеме,

Як у затхлелым і змрочным дне,

Нават машына

белага

баіцца спыняцца.

«Падай цэнт, сэр!» — моліць негр

І чуе з машыны:

«Ноу!» (Не!)

 

Роўнасць!

Адзін мае права — прасіць,

А другі мае права —

не даваць.

Роўнасць!

Хочаш — можаш смяяцца,

А хочаш — можаш гараваць.

 

Роўнасць!

Яна ў Амерыцы

Даецца з туманам і нервамі.

 

«Усе,— крычыць рэклама,— усе

Маюць права

Быць мільянерамі».

 

Маюць! Маюць!

Ніхто не здольны забараніць.

І гэта чуе Ракфелер

І ўскідвае руку бадзёра.

О'кей!

Хто-хто, а ён паспеў ацаніць

Роўнасць.

Купацца ў золаце,

Не знацца з бядой і пакорай.

 

А насупраць яго

сядзіць жабрак

І варочае беспрацоўнай сківіцай.

І думае:

Чаму ён

Ракфелера

Ніколі не меў сіл задушыць.

Вось бы,— радуецца жабрак

І сам нават дзівіцца,—

Вось бы павесяліўся,

Вось бы пажыў!

 

Жабрак усміхаецца ў мроях,

Расчырванеўся схуднелы твар.

І яго хапаюць на плёнку

І цягнуць на экран, як тавар:

— Глядзіце, глядзіце, амерыканцы,

Ён усміхаецца,

Ён, бачыце, верыць!

Хоць і галодны,

Ён верыць у свае неабмежаваныя

магчымасці

Ну што ж, калі не зрабіў ён багацця

Ў Амерыцы,

Ён можа пайсці на вайну

І мільёны свае знайсці яшчэ!

 

Ён можа ў баі і загінуць —

Ну што ж, гэта так.

Але ж ён можа і забіць

Не адну азіяцкую сотню!

«У Амерыцы — усе роўныя.

Здолееш — зробіш мільён за пятак.

А не здолееш —

поўзай сабе ў падваротні...» —

 

Крычыць рэклама.

І днём і ноччу крычыць.

Не спыняючыся,

галганяць мільянераў памагатыя,—

Ім што —

пакрычаў і ў кішэнь палажыў.

Ім што —

абы задаволенымі засталіся багатыя.

 

Абы паверылі

Бяздольныя і бяздомныя ўсе:

Якое ў іх шчасце,

Што жывуць у Амерыцы.

Лямантуе рэклама.

Дзень і ноч абяцанні нясе.

А бяздольныя —

Ім верыцца?

А загнаныя —

Ім верыцца?

 

Вось бы ім з тых экранаў

Паказаць свае дні.

Вось бы кінуць ім крык,

Як іх білі, і рвалі, і гнулі!

Што ж... Ну што ж —

калі ласка, крычы.

Толькі бог барані —

Не забудзь, не крані

Права, роўнасць багоў,

Бо засвішчуць і кулі!

 

Роўныя магчымасці,

Роўнасць,—

У каго ёсць кулі,

Той страляе.

У каго няма —

не.

Хто моцны —

той забівае.

А ты слабы?

Ну што ж —

стань дужым

і заб’еш мяне.

 

Мяне?

Не! Не!

Вось табе долар, забі другога.

Ты ж зразумей —

ты з ім роўны,

з тым самым другім.

Для кожнага ёсць і ў багацце дарога,

І права

Разлічыцца з суседам сваім.

 

Роўнасць!

Роўнасць!

Аж шалее расхлістаная Амерыка.

Бедная — хмурна глядзіць на вітрыны,

А багатая — ў раскошы топіцца...

Я б звар’яцеў тут зусім,

Калі б у шумлівым скверы

Не ўбачыў адзінокага

Задумнага хлопца.

Ён сядзеў,

З надзеяй

Гартаючы кнігу,

І ўпіваўся ў літары,

напружыўшы

просінь жыл.

— Аб чым ты?

— Аб роўнасці.

— І ты аб роўнасці?!.

— Так, аб роўнасці. Аб роўнасці ціхай.

Аб роўнасці,

Дзе можна сумленна жыць!..

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан