epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Роздум

Бацька мой,

Скатаваны эсэсаўскім катам,

Не падняўся

З пажарышча роднае хаты;

 

Брат малодшы

Ля Кіева злёг у траншэі —

Пад нямецкаю бомбаю

Згаслі яго надзеі;

 

І сястра —

Над Сажом —

З недапетаю ласкаю песеннай

Спіць,

Забітая куляй,

З Рура прынесенай.

 

Цяжка сэрцу было...

Толькі ўзбудзяцца ў сэрцы ўспаміны —

Боль і гнеў

Ажывуць,

Загрымяць,

Як лавіна.

 

І здавалася мне,

Што, вялікай тугою знявечаны,

Буду я

Ненавідзець да веку

Краіну на назве Нямеччына.

 

Помню дні —

Захавана ў пачуццях яскрава:

Одэр,

Ноч,

Кананада —

На Нямеччыну

Пераправа,

 

І паход на Берлін —

У рашаючых бітвах дарога.

Што я думаў тады —

Ад людзей не хаваю нічога.

Думаў:

Як абысціся з краінаю гэтай,

Спапяліўшай

І скатаваўшай паўсвета?

 

Што зрабіць,

Каб адчула яна сваю долю,

Так зрабіць —

Каб мяне мая маці

Не папракала ніколі!

 

Дагаралі ў Берліне

Апошнія Гітлера танкі,

На Радзіму

З фашысцкіх астрогаў

Ішлі паланянкі.

 

З казематаў глухіх

Люд выходзіў змарнелы, суровы,

І здзівіўся я, ўчуўшы

Між вязняў нямецкую мову.

Я здзівіўся, бо думаў,

Тугою і крыўдай знявечаны,

Што на свеце

Адна —

Са звярынаю пашчай —

Нямеччына.

 

А прад мною ўставала

Другая краіна, другая...

З яркай кветкай

Ка мне

Цераз плошчу

Дзяўчынка кульгае,

 

Падае* сваю кветку,

Глядзіць, нібы роднаму, ў вочы,

— Сірата... Расстралялі эсэсаўцы

бацьку...—

Сказаў мне рабочы.

 

Ён паказвае мне

Свае пасівелыя скроні

І адзнакі турэмныя —

Выпаленыя далоні.

 

І я сэрцам адчуў:

Яму шчасця не трэба другога —

Толькі б вечна, як сонца,

Ззяла мая перамога,

 

Уставала над светам,

Асвятляла шляхі яго вечныя.

Так

Другая, сапраўдная,

Сустрэла мяне

Нямеччына.

 

Я падаў ёй руку

І паслаў ліст салдацкі дадому:

«Не зрабіў я тут, маці,

Апроч ворагаў, крыўды нікому.

 

Даў руку я на дружбу

Германіі новай

Давеку».

І прыйшоў мне адказ:

— Будзь, сынок,

Як і быў —

Чалавекам...

 

Колькі год

Прамінула з той слаўнае даты,

Мы крыху пастарэлі,

Былыя салдаты.

 

Але сэрцы салдацкія —

Сэрцы ўсё тыя ж!

Помнім

Грозныя,

Цяжкія

Дні баявыя,

 

Помнім,

Як уручалі

На шчасце мы права

Дзецям, сем’ям, народам

І цэлым дзяржавам.

 

І нікому

Ў жыцці сваім мы не дазволім

Спапяляць

Нашы сэрцы

Трывогай і болем.

 

Дружбу нашу,

Здабытую ў бітвах грымотных,

Зробім вечнай,

Магутнай —

Для славы народнай.

 

Ведай гэта, зямля,

Упрыгожаная, маладая,

Ведай кожнае сэрца,

Што ясна ў любві расцвітае.

 

Ўсім народам, краям

Шлю сягоння ад сэрца вітанне я.

І табе —

Сярод іншых —

Маладая Германія!

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан