epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ручаінка

Ззяе, ззяе прамянямі

Тонкая ільдзінка.

А пад ёй —

звініць, булькоча

Дзіва-ручаінка.

 

Ўсю зіму мароз-марозка

Стужыць яе, стужыць.

А яна —

бяжыць імкліва

І тужыць не тужыць.

 

Не, ні разу не ўдалося,

Як мароз ні браўся,

Каб над звонкай ручаінкай

Лёд цяжэнны ўзняўся,

 

Каб забіў яе дыханне,

Засланіў ад промняў,

Бо ўсё ў працы ручаінка,

Ўсё бруіць нястомна...

 

Не дае ўзмацняцца лёду,

Тончыць яго, тончыць

З прагай жыць у светлай волі

Пад пяшчотай сонца...

 

Апусціў марозка рукі,

Стомлена пытае:

— Адкажы мне, ручаінка,

Ты чаму такая?

 

Ты адкуль бруіш-імкнешся,

Як і дзе ўшчалася.

І ў каго ты, невялічка,

Рупнасцю ўдалася?..

 

Адказала ручаінка

Шчырым, чыстым словам:

— Ад матулі ад крынічкі

Я цяку з дубровы.

 

Мая мамка

бурна, звонка

З глыбіні ўзнікае.

І ніколі ні на хвілю

Плыніць не сціхае.

 

Ані сцюжы, ані віхры,

Ані бураў шалы

Яе плыні не спынілі,

Ні твае навалы.

 

Вось таму і я такая —

Бы лячу на крылах.

Бо такою мая мамка

Быць

мяне вучыла...

 

Так сказала ручаінка

З-пад ільдзінкі тонкай.

І далей

пад прамянямі

Паляцела звонка...

 

А мароз стаяў пануры,

Адзінокі, ніцы...

І без моцы, без ахвоты

Біў у рукавіцы...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан