epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сад

Было калісьці: з гальштукам чырвоным

І я спяшаў на піянерскі збор.

Было калісьці: шумнаю калонай

Мы з песняй запаўнялі школьны двор.

 

Было калісьці: як і вы сягоння,

У марах мы глядзелі ў далягляд.

І вось тады

там, на калгасных гонях,

Мы пасадзілі свой маленькі сад.

 

Сад піянерскі, сад лятункаў чыстых...

Як многа бур прайшлося па-над ім

З тых дзён, калі вясковыя гарністы

Яму прапелі прывітальны гімн.

 

Над ім гула варожая навала.

Яго часамі сек свінцовы град...

Але ніякай сілай пс зламала

Наш малады, наш піянерскі сад.

 

Байцамі стаўшы, мы з цяжкіх паходаў

У край прынеслі мір і цішыню.

І зараз бачым: сад наш год ад году

Расце і ў вышыню і ў шырыню.

 

Ля дрэў, што падымаюць важка кроны,

Ля дрэў, што дораць светлыя плады.

Малодшы друг мой з гальштукам чырвоным

Сігналіць збор, як я ў свае гады.

 

І сотні юных, шчырых, згуртаваных

Ідуць на кліч, раўняючыся ў рад,—

І шэрагамі дрэўцаў гадаваных

Штовосень папаўняецца наш сад.

 

Сад піянерскі, сад лятункаў чыстых...

Хоць пройдзе век, хоць прамінуць вякі —

Ён будзе жыць, пакуль растуць гарністы,

Пакуль растуць дзяўчаткі іі хлапчукі,

 

Ён будзе жыць, квітнеючы, зялёны,

І разлівацца ўсё далей у шыр,

Пакуль звіняць ля гальштукаў чырвоных

Мільёны сэрцаў, дзе — вясна і мір.

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан