epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Шакал-місіянер

Адзін шакал,

каб лепш яму абдурваць барсукоў

І мець ад іх прыбытак адмысловы,

Звучыўся пець малітвы барсучынай мовай...

І так ужо ён кляўся, што забыў свой род,

Так напускаў туману ў вочы,

Прыкідваўся такім прыхільным,

хіжы патароча,

Што барсукі, хаця патыліцы і цёрлі,

Бо самі часам

квасам прабіваліся ледзь-ледзь,

А грошыкі таму місіянеру спраўна пёрлі...

— Паслухайце,— сказаў аднойчы

барсукам мядзведзь,—

Чаму вы так шчыруеце

прад гэтым валацугам,

Няўжо не бачыце, што ён —

хітрэц на ўсю акругу?!.

— Але ж ён так нам спачувае,

так усхваляе наскага ён бога,

Прыхільнік нашых звычаяў

і нашага парога...

— Эх-хе,—

са шкадаваннем уздыхнуў мядзведзь,—

Дык ён жа робіць так таму,

што выдзірае вашу шчэць!

Дасце многа вы яму,

а паспрабуйце — дайце мала...—

Праверылі...

І што ж?..

Увесь лясны народ валіў на дзіва валам:

Адразачку

шакал завыў шакалам!..

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан