epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Салаўі над Сажом

Не разумею,

што стала з гэтай зямлёй!..

Тыя ж самыя

лугі з водарам,

І тыя ж самыя

сосны стройныя,

І тая дзявочасць

белых бяроз...

А нечага

ўсё ж не пазнаць...

Нешта дзіўнае сёння над ёй,

Нешта на душу

нападзе такое,

Чаго і матчынай песняй не зняць...

 

Ступіш на сцежку,

Дзе з сябрамі

ваду з крынічанькі браў —

Як паміж працай калісьці

Пускалі коней

на кароткі папас,—

А тут замест ціхай «А ў полі... » —

Сярод кветак і траў —

Ці свой, ці чужы, заморскі,

гучыць аглушальны джаз.

 

І па кутках медунічных,

І на сцяжыне лясной —

Што вы за бурныя рытмы,

Што за мелодыі вы?

Дзе вас знайшлі

і як параднілі

з маёй стараной?

І як ён змірыўся з вамі,

краю спакой веснавы?!.

 

Толькі салаўі

Не здрадзілі аранжыроўкам старым:

Як калісьці,

Пяюць

на стары, на адвечны лад.

Ні ўзмацняльнікаў,

Ні мікрафонаў

не трэба ім,

Ні нават электронныя буры

Не могуць спыніць

іх рулад.

 

— Як я табой даражу, вясна! —

Заліваецца голасна ў лазняках

адзін.

— Няма ў свеце за цябе прыгожшай! —

Гучыць прызнанне другога

ў лісці палян.

— Ты чыя, вясна? Чыя ты?

Мая ты, вясна! Мая! —

Пытае і адказвае трэці

праз колькі хвілін...

Ну, няйначай —

бясконцай любасці

песенны акіян!..

 

Стаю над Сажом

і аж дрыжу: о мае салаўі!

Далёкага майго юнацтва

руплівыя песняры!

Што са мною было б,

каб не вы,

каб не гэтыя вашы гаі,

Каб не гэтыя родныя,

апетыя вамі бары!

 

Чым гаіў бы

аглушаную сваю душу,

Панявечаную громам

незнаёмых, няродных ладоў?..

О салаўі, салаўі! —

не магу стрымацца, прашу...

Як малітвай малюся...—

Вы ж не моўкніце

ў засені наскіх садоў!

 

Вы ж,— прашу,— ні на міг не сціхайце,

вызвоньвайце кроплі святла,

У расцяробах, на гацях,

на ўзлессях, у лазняках,

Вы спявайце, спявайце,

каб вечная радасць жыла,

Каб ніколі ні ў кога

лятунак вясны не зачах.

 

Вы спявайце,

каб белай бяростаю ззялі гаі,

А нашчадкі мае

не цураліся песень сваіх...

Стаю і слухаю...

Пяюць!.. Пяюць салаўі!..

І ніякія прыблудныя рытмы

не адольваюць іх!..

 

Пяюць, пяюць салаўі...

Зіхатліва струменіцца Сож.

Вее водар з лугоў.

П'юць прасторы

вясновай лагоды пітво.

І здаецца — гаворыць мне край:

— Ты сябе не трывож,

Чуеш, як яны шчыра пяюць! —

значыць, шчырым і вечным

будзе любай зямлі хараство!..

 

І здаецца:

зноў стала душа

і зырчэй і нібы маладзей,

Як на крыллях ляціць,—

салаўіныя лічыць сады...

Вырываю якуюсь

балючую стрэмку з грудзей...

Выпіваю якойсьці

гаючай глыбіннай вады...

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан