epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Салдацкі дом

Як імкліва ўбіраецца ў кветкі

Зямля пад зялёным вясновым плашчом!..

А над кветкамі ўстаў неўзаметкі

Салдацкі дом.

Дым кастра.

Кацялок.

Ды спакой. Ды ўвесь свет прад вачыма.

Пражыве тут салдат,

Можа, толькі дзянёк,

Можа, год,—

Як скажа Радзіма.

Ёсць адна у салдата

Дума, адна і навек —

Аб жыцці,

Аб хваінах кашлатых,

Аб чыстых струменях рэк,

Аб бязмежных палях,

Дзе радасна крочыць за плугам,

Аб шчырых вачах

І вернасці друга.

Аб зялёнай вясне

Ды ясных дарогах,

Дзе месца няма вайне,

Дзе ненавісна яе трывога.

Марыць воін, каб мірнае сонца

Ззяла свету ўсяму.

Ён — жыцця абаронца,

І — люба яму.

І таму вось, дзе ўбралася ў кветкі

Зямля пад зялёным плашчом,

Паставіў ён неўзаметкі

Палатку-дом.

Дым кастра.

Кацялок.

Цішыня і спакой прад вачыма.

Але пільныя слух і зрок

Салдату дала Радзіма.

Прагне свет у спакоі жыць,

Край савецкі аб міры дбае.

І салдат — заўсёды на рубяжы,

За ўсіх і для ўсіх — на пярэднім краі!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан