epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Сам» і Іван

Меў я справу да «самога»...

Ды пачуў такі адказ:

— У самога

вас тут многа.

Сам прыняць не можа вас.

 

А зайдзіце ўніз, да «нама»!..

 

Я зайшоў...

 

Ды «нам» таксама

Быў сабе не проста «нам»,

А як самы чынны «сам»,

Улюбёны ў чын і сан...

 

— Але ніжай ёсць Іван,—

Мне сказалі.— Да яго

Стукайцеся смела,

Дамагайцеся свайго,

Калі так прыспела.

 

Я пастукаў да Івана...

І адразу —

дзіва з дзіў! —

Той рупліва і старанна

Маю справу рассудзіў.

 

Рассудзіў, руку падаў:

— Будзь, браток, здаровы...

Калі здарыцца бяда,

Памагаць гатовы!..

 

Вось і ўсё... А колькі тлуму...

Я ішоў дамоў і думаў:

Дык на ліха ж «сам» той здаўся

І той «нам», пусты, як збан...

Калі ўсё рабіць

Узяўся

І вязе за іх Іван?..

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан