epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Сам» і Іван

Меў я справу да «самога»...

Ды пачуў такі адказ:

— У самога

вас тут многа.

Сам прыняць не можа вас.

А зайдзіце ўніз да нама!..

 

Я зайшоў...

Ды нам таксама

Быў сабе не проста «нам»,

А як самы чынны «сам»,

Улюбёны ў чын і сан...

 

— Але ніжай ёсць Іван,—

Мне сказалі.— Да яго

Стукайцеся смела,

Дамагайцеся свайго,

Калі так прыспела.

 

Я пастукаў да Івана...

І адразу —

дзіва з дзіў! —

Той рупліва і старанна

Маю справу рассудзіў.

 

Рассудзіў, руку падаў:

— Будзь, браток, здаровы...

Калі здарыцца бяда,

Памагчы гатовы!..

 

Вось і ўсё... А колькі тлуму...

Я ішоў дамоў і думаў:

Дык наліха ж «сам» той здаўся

І той «нам» пусты, як збан...

Калі ўсё рабіць

Узяўся

І вязе за іх Іван?..

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан