epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Самалёт

Самалёт загрымеў пад сялом у блакіце,

Аж пад сонцам крыламі два воблачкі выцяў

І ў піке ірвануўся маланкай-стралой.

А наўкола ўсе людзі, што зведалі войны

І бамбёжак жуду,— засталіся спакойны,

І бабуля прамовіла:

— Гэта мой...

 

Да яе — так паважна, каб не рассмяяцца,

Маладыя, вясёлыя, дзе ім стрымацца! —

Падышлі, падступілі дзяўчаты гурбой.

— Ох і вочы ж у нашай бабулі, і вочы ж!

— Свайго сына крылатага ўбача дзе хочаш!

— Ён па радыё, мусіць, гаворыць з табой?..

 

— Што ж,— яна адказала ім: —

Бачу і чую...

Чую: голуб стары без трывогі буркуе,

Чую: з песняй у полі працуе народ,

Бачу: ўнукі вядуць сярод жыта камбайны,

Бачу: весела вам, дзеркачы, як звычайна...

Дык і ведаю добра: яго самалёт!..

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан