epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Санеты з Філадэльфіі

Свабоды звон з глыбокай трэшчынай,

са шчэрбай.

Цьмяныя позіркі партрэтаў з глухлых сцен.

«Страйк» на грудзях у хлопца. І Радэн

З пажарам мыслі пад спалохам вербаў.

 

Музей мастацтваў. Рэмбрандт і Далі.

Як карты, пераблытаны эпохі.

Світанне. Ноч. Сум і літаўры...

Мо таму патрохі

І гэтыя санеты наплылі.

 

Чамусьці глянец вылізанай плошчы

Нагадвае бязладдзе чорных скал.

Чамусьці ў цішы чуецца абвал,—

Здаецца, загрукоча і захвошча

Якаясь сіла страшная навокал...

А паратунак — дзе ён?..

Ён — далёка!..

 

*

Лянотных слоў пра мудрасць Джэферсона,

Ах, болей не казаў бы ты, мой гід.

Травінка, што прабілася з-пад пліт,

Пра волю лепей сведчыць, чым твой голас

сонны.

 

Цяпер я разумею. Як ён, мусіць,

Свабоды звон, званіў у свой трывожны міг!

Як ён стагнаў, каб сытых і глухіх

Пачуць свой кліч пакутлівы прымусіць.

 

І гэта шчэрба-трэшчына — як рана,

Якую не загоіць вечны сон...

Спыніся, гід! Паслухай!.. Джэферсон?..

 

Так! Джэферсон крычыць з зямлі калянай,

Крычыць,— няўжо не чуеш? — «Сціхні,

годзе!

Не прыніжай хоць мары аб свабодзе!..»

 

*

Дэльфінаў, бы дзяцей, амерыканка

Частуе, песціць, ухваляе: гуд!

І гэты мне малюнак — нібы цуд:

Такая ж у мяне сястра ёсць на радзіме —

Ганка!

Вось гэткая ж — з душою галубінай,

Усё жывое люба ёй да слёз!..

Ды раптам — стрэл... І вецер гул панёс...

І каля ног амерыканкі — кроў дэльфіна...

 

Стракоча кінакамера. Схіліўшы голаў,

Стаіць амерыканка. І маўчыць.

Каля яе паскудны смех гучыць.

Яна ж — маўчыць. Яна свой атрымала долар...

Ах, божа мой. Даруй мне, Ганка.

Параўнаў цябе няўдала.

Не, ты прад катам так бы не стаяла!..

 

*

Латунная пампезнасць, гром латунны,

Пыхлівых поз крыклівасць, шык вітрын.

А гэта?.. Што за дым — нібы з руін?..

Кроў на асфальце... Бы прайшлі тут гуны...

Паліцыянты... Свіст... Дубінкі свенцяць

Па тварах дэманстрантаў маладых.

Прэч, жаль і асцярога!..

І на ўсё, стаіўшы дых,

Глядзяць, нібы дзяды, ў задуме дзеці.

 

Глядзяць на мардабой,

на гвалт, на шык вітрын, на сейфы.

Пра што іх мроі зараз? — пра бяздушны кольт?

Ці ўжо гняце іх невымоўны боль

Тугі? Ці вабіць кліч: «Пакуты сейце!»?

Ці можа, ўсё ж, дайшоўшы з дзён няблізкіх,

Збудзіў іх сэрцы звон філадэльфійскі?

 

*

Даруйце вы, святыя прашчуры,—

Петрарка,

Камоэнс і Шэкспір,—

што сённяшні паэт

У ваш задумны, сонечны санет

Пусціў жальбу і боль з жудою-перастаркай.

І я б хацеў святло пачуццяў славіць,

Красу душы пяшчотную ўхваліць,

Ды што рабіць, калі душа свая баліць,

Як апынешся ў непяшчотнай яве.

 

Амерыку хацеў знайсці ў красе і волі,

А ўбачыў у гарачцы й калатні.

Здаецца ёй самой: ляціць яна, нясе жыцця

агні.

А збоку бачна: ў цемры сунецца паволі.

Маўчыш, Свабоды звон... Што ж, не журыся,

звон Свабоды,—

Ёсць факел ля Нью-Йорка —

ледзь мігціць і ён пад наступам нягоды.

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан