epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Савецкае слова

Дзе б я ні прамовіў

Савецкае слова —

Ніхто мне не кіне пагарды суровай,

Ніхто не ўсміхнецца

з двурушным фасонам,

Ніхто не адкажа

ў мой адрас праклёнам,

Ніхто — ні старыя, ні ўнукі іх — дзеці

Мяне не збаяцца

на цэлым на свеце!

А дзе б ні сказаў я

Савецкае слова —

Адразу ўсе бачаць

свет сонечны, новы,

Адразу ўяўляецца ўсім,

як ракеты

Ляцяць ад зямлі на другія планеты,

Адразу ўсе чуюць

не кліч кананіра,

А голас магутнага, мудрага міру.

І вусны мільёнаў —

ад Ганга да Влтавы —

Пры стрэчы са мною

жадаюць мне славы,

І рукі мільёнаў —

ад Конга да Віслы —

Жадаюць руку маю шчыра паціснуць.

І нават і той, хто ад нашага слова

Шалёнаю злосцю

Застогне нанова,

Чаго б ні жадаў ён

Савецкай Радзіме,

Усё ж капялюш

Прада мною

свой зніме!..

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан