epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Савецкі план і заморскі пан

Пан мільярдэр сагнуўся па-над картаю,

Збянтэжаны дашчэнту гэты пан:

Пан прачытаў пра заклік нашай партыі,

Пан прачытаў пра камунізма план.

 

Пан мільярдэр хацеў бы фанабэрыцца,

Ды не дзярэцца пад аблокі нос:

Пан зараз на аблокі толькі шчэрыцца,

Не любіць пан глядзець у глыб нябёс,—

 

Пан там нядаўна ўбачыў зоркі ясныя,

Што кружацца вакол усёй зямлі.

Ён знае: іх рабочыя, калгасныя

Магутна рукі ў неба паднялі.

 

Пан захварэў, цыгараю не пыхкае,

Знядужана бярэцца за бакі:

«Ох, што рабіць, канец з маёй мне пыхаю,

Мацнеюць з кожным днём бальшавікі...

Ох,— енчыць пан, ажно трасецца чэрава,—

Ох, што зрабіць, каб прыпыніўся час...»

 

І сутаргава лапа мільярдэрава

Па карце б’е, бы хоча знішчыць нас.

І бачым мы: другою лапай хціваю

Ён цягнецца да бомбаў і гармат.

Апошні ў пана козыр: палахлівая

Пагроза... Ды каб выйшла што — наўрад!

 

Што пану млосна — гэта знае кожны ў нас

Яшчэ з тых дзён, як светлы грымнуў гром,

Калі сыны народа пераможна

Царызма сцены кінулі на злом.

 

Што пан нас ненавідзіць — гэту праўду мы

Таксама знаем з даўняе пары,

Не раз той пап хацеў падсыпаць яду нам

І біты быў не раз па каўняры.

 

Што пан той спрахне, а не дачакаецца,

Каб мы спынілі смелы свой разгон,—

Навек вядома. І дарма хапаецца

І за гарматы, і за бомбы ён.

 

Дала нам план жыццёвы наша партыя,

Дала да камунізма ясны шлях,

І мы стаім пад шчасцем пільнай вартаю,

І мы трымаем моцна родны сцяг.

 

Не нейкай выпадковаю там «эўрыкай»,

А ленінскаю прагаю тварыць —

Дагонім ганарлівую Амерыку

І далі зможам новыя адкрыць.

 

А пану мільярдэру скажам строга мы:

Ты лепш у працы нам не замінай,

Бо, колькі ні памянеш імя богава,

Адразу ў пекла трапіш, а не ў рай!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан