epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Счарнела пад бярозаю карытца..."

Счарнела пад бярозаю карытца.

Зацвіў, скаржэў бярозавік на дне.

А нехта ж мог

Тут соладка напіцца,

Парадавацца сонечнай вясне.

 

Бяроза сум раняе па лісточку.

Парой бяроста зумкне-затрымціць.

Дзе ты, дзівак,

Што тут рабіў падсочку?

Што ж не прыйшоў

Бярозавік свой піць?..

 

Гляджу на дрэва,

жоўты ліст бяру я.

На след рукі —

на сталі след гляджу.

І па людской нязбытнасці сумую,

І па вясне пакрыўджанай тужу...

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан