epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сцяг

Вораг стрэў нас ля вёскі

Агнёвай сцяной,

Перасохлі за хвілю ліпнёвыя росы,

І кароткую ўцеху ад цішы дзянной

Спапяліла пажарам на ўлонні палосак.

 

Колькі сэрцаў замоўкла ў агні над пяскамі!

Але смерць не змагла перарэзаць нам шлях.

У той міг сцяг гвардзейскі з’явіўся прад намі

У парторга ў руках.

 

Ён, як полымя, ўвысь

Шугануў, разгарнуўся ў імгненне,

І на воінаў

Родны, жывы

Глянуў Ленін.

 

Ўсім здалося тады,

Што пад лютым агнём

Ён устаў перад ротамі ў поўны рост

І са словам, што ў сэрцы запала праз гром,

Пайшоў напрост.

 

— Наперад!

Роты йшлі. Іх нішто не магло спыніць!

Бо адна толькі думка валодала ўсімі:

У змаганні сваімі грудзьмі засланіць,

Зберагчы найвялікшага сына Радзіме.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан