epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сцежкі

Ледзь толькі цёплыя вятры з паўдня

Павеялі і зачарнелі на зямлі агрэшкі,—

Адразу ўспомнілі аб весніх днях

І зварухнуліся пад снегам сцежкі.

 

А сонца шчодра сыпала з сяўні

Цяпло на шыр палёў ды пералескі.

І скора ў далях ласкавыя дні

Радзілі свету сінія пралескі.

 

Якая радасць сцежкам тут была!

Вярнулася пара іх весялосці.

Мільёны люду з горада, сяла

Ішлі па іх — хто працаваць, хто ў госці.

 

Няслі на рэчку невад рыбакі,

А вечарамі з песнямі па кветкі

Спяшалі ў лес дзяўчаты, юнакі,

І сцежкі ў дружбе іх былі як сведкі.

 

Як птушкі з выраю, ляцелі дні,

Вясна была лагоднай і ласкавай.

Зноў пад дажджом пускалі карані

Маланкі-парасткі, гусцелі травы.

 

Зноў высыпала ніва каласы,

Цвілі рамонкі, наступала лета.

І з рана да вячэрняе расы

Пад прамянямі песціўся палетак.

 

Трубіў пастух у берасцяны рог,

Ішлі дзяўчаты з лубкамі ў суніцы,

А там гулі камбайны у палёх

І насустрэч гайдаліся пшаніцы.

 

І зоры, ацяжэўшыя ўначы,

Да іх ляцелі, і маланкі з громам

Над імі, як агністыя мячы,

Урываліся ў спакойны поля гоман.

 

А потым вераснёвы вецер нёс

Лісцё усё ў агні і сыпаў з ходу,

Дакашвалі хлапцы густы авёс,

А пчолы мёд данашвалі ў калоды.

 

Усё пазналі сцежкі, ўсё ўзялі

Сабе за дар, запомнілі за лета

І галасы вятроў, і цёплы дых зямлі,

І шчырасць чалавечага прывету.

 

Таму — ледзь цёплыя вятры з паўдня

Вясной адкрыюць на палях агрэшкі —

Адразу ўспомняць аб мінулых днях

І вырываюцца з-пад снегу сцежкі...

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан