epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сэрцам — свайму і маіх сяброў

Сэрцы заклапочаныя,

Стомленыя, шчырыя сэрцы,

Непадкупныя сэрцы,

Без падманаў, ганьбы і плям!..

Колькі вы болю зведалі!

Часам нават не верыцца:

Кожны дзень пад пагрозамі

Вывадаў і кардыяграм.

 

О, як бы зняць гэту муку!

Як бы на ўсё забыцца!

Як жа гэта няўмольна:

Рабіць, рабіць, рабіць...

Ці крыўдзяць цябе —

Грукай,

Ці хлусяць —

Не можаш спыніцца,—

Ні на міг не пакідай

Вучыцца —

Ненавідзець

І ўсё ж любіць...

 

Сэрцы заклапочаныя,

Стомленыя, шчырыя сэрцы,

Ведаю,

як вам нялёгка,

Колькі ў вас болек і ран.

Але прашу вас, любыя,

Не зайздросце

не вашай мерцы,

Не чакайце

таго прыстанку,

Дзе ўтульнай немачы зман.

 

За вячыстымі гмахамі часу

Крывёй

Набрынялі вуліцы.

Недзе нож хтось хавае злачынны,

Недзе выбухі б’юць у прасцяг.

Нехта недзе хлусліва шэпча.

Нехта недзе, як злодзей, туліцца.

Нельга, нельга вам,

сэрцы, здавацца

У вышынях лунайце, як сцяг!

 

Вам нялёгка,

вы — воіны веку.

Вам балюча —

ў вас многа працы.

Але пачакайце спыняцца,

Яшчэ не закончаны бой!

Такая вам выпала доля:

З журбою і крыўдаю знацца,

І ўсё ж — перад кожнаю бурай

Свет засланяць сабой!

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан