epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сябры, з якімі ў бітвах крочыў..."

Сябры, з якімі ў бітвах крочыў,

З якімі курчыўся ў агні,—

Я з вамі ўсюды, і не збочу

З дарогі слаўнае радні.

 

Мілей, прасцей, чым наша, верце,

На свеце дружбы не знайшоў,

Хаця і выпіта без меркі

Нямала хмелістых каўшоў.

 

Дык, значыць, што ж? Патрэбна

гора,

Каб стала чыстаю душа?

Не. Але дружба гасне скора,

Калі ўзыходзіць на грашах...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан