epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сябры былі яшчэ бязвусыя..."

Сябры былі яшчэ бязвусыя,

Яшчэ ў дзіцячых снах былі,

Калі ляглі пад Старай Русаю,

Над Волгай вогненнай ляглі.

Над Салаўёўскай пераправаю,

Па беларускіх хмызняках...

Хто з гучнай,

хто з нягучнай славаю.

А хто і проста —

лёг і спрах...

Сябры так моцна ў праўду верылі,

Так шчыра падалі ў агні...

Што толькі з іхняй,

з іхняй мераю

І можна жыць — гады і дні.

Таму так часта,

болем скутае,

Кідаю сэрца ў той паход,

Дзе хоць бы раз

сабой, пакутнае,

Чужы

закрыла

кулямёт...

Адкрыць дарогу

ўсім таварышам,

Каб пераможна скончыць бой...

Сябры мае

пра гэта марылі,

І клопат іх —

заўжды са мной...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан