epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Сягоння мы спяваем не пра тое..."

Сягоння мы спяваем не пра тое,

Як мы жылі, як пакідалі дом.

У нашых песнях — заўтра залатое,

Якое робім куляй і штыком.

 

Нам будуць доўга рупіць нашы страты,

І слёзы з воч папросяцца не раз.

Але нішто! Сапраўдныя салдаты

Сваю бяду не ставяць напаказ.

 

Ніхто з нас цудаў не чакаў ад бога.

Мы самі зладзіць з бураю змаглі.

Ляжыць прад намі слаўная дарога

У бляску сонечным па ўсёй зямлі.

 

Па ёй мы пройдзем, армія герояў,

Як суддзі праўды! Ворагаў даб’ём.

І ў звонкіх песнях будзем пець пра тое,

Як мы ішлі, як мы прыйшлі ў свой дом.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан