epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сям’я

Трава ласёў чакала на паляне,

Ля смолкаў завіхаліся чмялі.

І рэха бегла —

ў залатое ранне,

Кудысь праз бор —

мо аж на край зямлі.

 

Стаяў між соснаў лось і зваў кагосьці,

Нібы вітаў з вясёлым, ясным днём.

І ціха,

як на стрэчу, а ці ў госці,

Сюды ласіха выйшла з ласянём.

 

І на паляне ўтрох яны сышліся —

Што манументы ў ззянні сінявы.

І лось — і ласянятку, і ласісе

Пракладваў шлях да рослае травы.

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан