epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сіла праўды маёй

Я — камуніст, я друг усім народам,

Я сею хлеб, кладу ў жыццё масты.

Я стаў у строй — іду за мір паходам,

І ты, мой вораг, мне не страшан ты.

 

Я знаю цвёрда: свет да шчасця прыйдзе,

І я тых дзён, шчаслівых дзён, гарніст.

Калі мяне мой вораг ненавідзіць,

Дык, значыць, я сапраўдны камуніст!

 

Усё, што ён сабраў за акіянам:

Свінец і атам, газ і вадарод,—

Усё ён марыць кінуць нечакана

На маё сэрца і на сонца ўсход.

 

Яму ўжо сняцца сёлаў папялішчы,

Ён праслаўляе сваіх бомбаў свіст.

Калі мой вораг хоча мяне знішчыць,

Дык, значыць, я сапраўдны камуніст!

 

Але якую б ні тварыў ён змову,

Народам пагражаючы вайной,—

Бяссільны ён прад сілаю суровай,

Прад сілай праўды, што заўжды са мной.

 

Прад гэтай сілай — як ні мітусіцца,

Прад ёй дрыжыць ён, што асенні ліст.

І калі вораг мой мяне баіцца,

Дык, значыць, я сапраўдны камуніст!

 

Нішто не спыніць — гэты час настане:

Жыццё змяце капіталізму бруд!

Таму ён сёння ў цемры і ў тумане

Пусціць імкнецца шчупальцы, як спрут.

 

Але дарэмна! Свет убачыў сонца!

Яно ўзышло, і я яго гарніст.

Я — камуніст, люблю жыццё бясконца,

Я — носьбіт перамогі, камуніст!

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан