epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Сказ пра гармату

Прайшоўшы за тысячу вёрст,

На ўвесь прагрымеўшы свет,

У грозным апошнім баі

Падбітая ўпала гармата.

І цяжка было сказаць,

Чыя на рудым ствале

Кроў запяклася: яе

Ці кананіра-салдата.

 

Напэўна, яе — бо салдат

Падняўся, сцяў зубы, узяў

Вінтоўку, набоі злічыў

Ды рушыў наперад з пяхотай.

А ёй засталося глядзець

Зайздросна, як сёстры яе

Бязлітасным,

трапным агнём

Ламаюць Берліна вароты.

 

— Вярніся! — хацела яна

Наводчыку крыкнуць.— З табой

Мы гэтак дружылі, няўжо

Сяброўку сваю ты пакінеш?..

Але прамаўчала —

няхай

Ідзе: кліча слава яго,

Заве Перамога...

А ёй...

Ну, што ж — паміраць на чужыне.

 

Зусім не гадала яна,

Што новы ёй суджаны шлях

І новая слава здалёк

Яе ўжо шукае вачыма...

Прыгналі платформу байцы,

Напіўся вады паравоз,

Прыкрылі яе шынялём

І павязлі на Радзіму.

 

І вось, узнёсшы хвалу

Героям вялікай вайны,

Прыйшлі да гарматы майстры,

Агледзелі і спыталі:

Скажы нам, чым хочаш ты быць

У шчасныя мірныя дні:

Ці молатам звонка звінець,

Ці бегчы машынаю ў далі?

 

«Гарматай!» — хацелася ёй

Прамовіць,

ды ўладны зарок

Вайсковы згадала — заўжды

Быць там, дзе Айчыне патрэбна.

І ціха сказала:

— Хачу

Быць трактарам, каб на зямлі,

Дзе бойкі гулі, зашумеў

Палетак пад сонейкам

хлебны.

 

Пакручваў ліцейшчык вус,

Як палкім струменем у коўш

З агню палілася яна

З дымком жоўта-сінім і горкім...

І сталася дзіва прад ім:

Што ззялі раней на ствале —

Нават і ў сплаве жылі,

Свяціліся ясныя зоркі.

 

Калі б тут стаяў кананір,

Цяперашні трактарыст,

Адразу пазнаў бы ён іх,

Бо ўласнай выводзіў рукою

Заўсёды, калі ў баі

Варожы танк падбіваў

Ці руйнаваў нашчэнт

Логава звера стальное.

 

Ён, можа б, убачыў на іх

І згустак сваёй крыві,

Што запяклася калісь

У грозным баі пад Берлінам...

...Міналі гарачыя дні,

І скора, пакінуўшы цэх,

Бліскучы сталёвы плугач

Пайшоў на загоны краіны.

 

З ім стрэўся салдат у палях,

І з радасцю сеў за руль,

І паплылі за ім весела

Чорныя тлустыя скібы.

А сонца паіла ўслед

Цяплом і дажджамі раллю,

Каб прарасталі хутчэй

Зерні на шчасных сялібах.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан