epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Слаўгарадцам

Вітанне вам, мае сябры,

Сыны тых вольных ніў,

Дзе колісь з Кабінай гары

Швед меч свой ураніў;

 

Дзе танкі немцаў над Сажом

Грызе, як моль, іржа,

Дзе косці ворагаў ля стром

Пад шыгаллём ляжаць.

 

Я помню ўсе твае шляхі,

Мой Слаўгарад лясны,

І ў расцяробах кут глухі,

І бераг верасны.

 

Там яшчэ ходзяць басанож

Майго маленства дні,

Там на світанках ціхі Сож

Мой звонкі голас сніць.

 

Па вечарах гарыць маяк,

Як зорка, ў Гайшыне,

І маці родная мая

Ўсё журыцца па мне.

 

Няма мілей, радней зямлі

Ад той, дзе з песняй рос.

Заўсёды, дзе б мы ні былі,—

Наш лёс ёсць краю лёс.

 

І ўсе, хто зараз ад яе

Далёка,—

Рады чуць,

Што сёння вас, браты мае,

Героямі завуць.

 

Заўсёды дружныя, вы зноў

Паднялі працы сцяг.

Калгаснік з Рудні ці Кліноў

Стаў мастаком жыцця.

 

І веру я, што праз гады

Красу людской вясны

Праносіць будзе, як заўжды,

Наш Слаўгарад лясны.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан