epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Слаўся ты, маё юнацтва..."

Слаўся ты, маё юнацтва,

З песнямі ў шчаслівай хвілі,

З лепшай радасцю і смуткам,

Што сябры са мной дзялілі.

 

Слаўся ты, мая дарога,

Дзе ў жыцці сустрэцца можна

І з натхненнем непачатым,

І з руплівасцю трывожнай.

 

І за ўсё, што сэрцам зведаў,

І за ўсё, што яшчэ ўбачу,—

Слаўся ты, мой непаўторны

Шлях шуканняў, шлях юначы!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан